Хмары згусьціліся над чарговым рэктарам.

Цяпер гэта кіраўнік недзяржаўнага Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту філёзаф Анатоль Міхайлаў. Пра прычыны магчымай адстаўкі Міхайлава не паведамляе ніхто: ні сам рэктар, ні Мінадукацыі. Міністэрскія чыноўнікі кажуць, што пра адстаўку казаць няма падставаў. «Гэта проста чуткі, у вас неправераная інфармацыя», — заявіў у камэнтары «НН» прэс-сакратар міністэрства Віктар Іўчанкаў. Паводле вэрсіі ЭГУ, якую агучыў першы прарэктар Уладзімер Дунаеў, адзінай прэтэнзіяй, выказанай на сьнежаньскай калегіі Міністэрства, было тое, што ўнівэрсытэт стаў «прахадным дваром, што да нас шмат езьдзіць замежных выкладчыкаў».

Паколькі ЭГУ не дзяржаўны ўнівэрсытэт, пытаньне адстаўкі рэктара будзе вырашаць не Міністэрства адукацыі, а Назіральная рада. Скліканая яна можа быць з ініцыятывы каго-кольвечы з заснавальнікаў — НАН Беларусі, Мінадукацыі, Мінкультуры, Менгарвыканкаму, Беларускай праваслаўнай царквы, Міжнароднага гуманітарнага фонду ці канкрэтных асобаў (прыкладам, той самы Міхайлаў — адзін з заснавальнікаў ЭГУ). Узначальвае Назіральную раду дэкан тэалягічнага факультэту ЭГУ мітрапаліт Філарэт. Ёсьць у Міхайлава абарона і па-за ўнівэрсытэтам: каб заступіцца за рэктара ЭГУ, міністру адукацыі Аляксандру Радзькову нанесьлі візыт паслы краінаў Эўразьвязу. Яны пагражаюць спыніць фінансаваньне пры гвалтоўнай замене рэктара.

Аднак зьмены рэктара ўлады могуць дамагчыся мяккім шляхам. Неў-забаве пачнецца ліцэнзаваньне ўнівэрсытэту. Яшчэ адзін «бізун» — навучальны будынак на вуліцы Броўкі. Тэрмін ягонай арэнды сканчаецца, а мясцовыя ўлады не жадаюць падоўжыць кантракт.

Трэба адзначыць, што Міхайлаў — усясьветна вядомы навуковец. З другога боку, Міхайлаў-рэктар раней цалкам задавальняў улады сваім пасьлядоўным русафільствам. Ён стварыў незалежны, эўрапейскі па структуры ўнівэрсытэт, дзе роўнасьцю расейскай і беларускай моваў ды культураў і ня пахла. У філязафічных колах дагэтуль згадваюць як анэкдот: на пачатку 90-х цяперашні рэктар пераконваў Раду Фонду Сораса, што філязофскую літаратуру ў нас трэба выдаваць толькі па-расейску, бо па-беларуску яе чытаць ніхто ня будзе. Ён пераседзеў у добрым саюзе з Праваслаўнай царквой усе рэфэрэндумы. Але нават такая фігура цяпер стала здавацца ўладам занадта незалежнай.

Паралелі між «справай Казуліна» і «справай Міхайлава» відавочныя. Улады імкнуцца адхіліць ад пасадаў усіх, у чыёй ляяльнасьці сумняюцца.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0