Адзін вядомы наш філёляг-палітык, ведучы беларуска-літоўскі форум, авансам выбачаўся перад аўдыторыяй за сваю расейскую мову, бо

ў беларускай, літоўскай ці нават нэўтральна-міжнароднай ангельскай ня ўсе, хто там быў, зразумелі б. Дык вось, ён тады вырак мудрую думку: давайце, маўляў, гэтую мову лічыць трафэем, што застаўся ад імпэрыі. Хто, разважце цьвяроза, у выгаднейшым становішчы: той, хто ведае дзьве мовы, ці той, хто ведае адну?

Эндру Гроўв, старшыня рады дырэктараў карпарацыі «Intel», легендарны крызыс-мэнэджэр, у сваёй кнізе «Выжываюць толькі параноікі» піша, што менавіта цяжкасьці сілкуюць рост і разьвіцьцё. Ён падае процьму прыкладаў, калі найскладанейшыя праблемы былі павернутыя на карысьць кампаніі.

Праблема «эксклюзіўнасьці» беларушчыны — гэта ж Кландайк для рэклямы й брэндынгу. Беларускамоўная рэкляма будзе заўважаная ў моры расейскамоўнай, яна не пацягне выпадкова за сабою асацыяцыі з нэгатывам, які трапляе да нас спрэс па-расейску. Пра магію беларускіх брэндаў ня ведаюць хіба толькі самі беларусы, расейцы ж з таго ўжо даўно нажываюцца. Ці не абсурд, калі ў нас упарта вырабляюць сыр «Российский», а дзялкі ў Санкт-Пецярбургу загортваюць маргарын у паперу з надпісам «Масло Белорусское»?

Зрэшты, не зусім усё глуха ў гэтым кірунку. Пагаворваюць, што беларускамоўныя налепкі на новым піве «Крыніца» — ініцыятыва пасадоўцы найвышэйшага ўзроўню. Калі гэта экспэрымэнт, дык асабіста я ў ім ужо задзейнічаны: файна ўвечары, седзячы ў фатэлі, пачытаць «Нашу Ніву» ды пад наша піва. І вам раю.

Вацлаў Заякоць

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0