Прашу надрукаваць пытаньні, якія я адрасаваў дэпутату палаты прадстаўнікоў ад Пружанскай выбарчай акругі Аляксандру Зінчанку.

Грамадзянін А.Зінчанка, памятаеце, 10 кастрычніка 2002 г. Вы прыяжджалі ў «родныя» Пружаны для сустрэчы з выбарцамі. Я прыйшоў з шэрагам пісьмова падрыхтаваных пытаньняў. Вы паабяцалі не пазьней як у дзесяцідзённы тэрмін пісьмова адказаць. Я вельмі цярпліва чакаў, але так і не дачакаў. Вас народ выбраў для таго, каб Вы пісалі свайму народу такія законы, якія б абаранялі кожнага беларуса ў яго краіне. І галоўнае — каб заўсёды памяталі, што Вы асабіста жывяце за кошт падаткаплатнікаў.

Вось тыя пытаньні:

1. Пасьля выбуху на Чарнобыльскай АЭС быў загад з Масквы паднятыя ў паветра радыенукліды асадзіць на тэрыторыі Беларусі, што і было зроблена пры дапамозе спэцыяльных сродкаў-абсарбэнтаў ды авіяцыі. Чаму Вы не дамагаецеся расьсьледаваньня гэтага адкрытага тэрарызму супраць сваёй дзяржавы і кампэнсацыі за яго?

2. Якую суму грошай беларускія падаткаплатнікі плацяць сем’ям амэрыканскіх спартсмэнаў-паветраплавальнікаў, шар якіх быў зьбіты на нашай тэрыторыі?

3. На адлегласьці трыццаці крокаў ад рэчкі Пружанкі і ня болей як дзесяць крокаў ад жыльлёвых будынкаў узьведзена каля трохсот аўтамабільных гаражоў. Хто павінен адказаць? Рака забруджаная, перад пад’ездамі бесьперапынна шмыгаюць аўтамабілі, з кватэры ня можа выйсьці ні малы, ні стары.

4. Чаму нашая дзяржаўная мяжа ахоўваецца толькі з Захаду, а з Усходу не? Штогод сотні тысяч вандроўнікаў-нелегалаў наплываюць у нашую невялікую краіну. Усё гэта беларускаму падаткаплатніку абыходзіцца ня толькі ў суму грошай, але і ў найвялікшую небясьпеку жыцьцю.

5. Мае два дзяды, бацька пралілі шмат крыві, а шасьцёра дзядзькоў наагул загінулі ў вайне зь нямецкімі захопнікамі. Ім палітрукі абяцалі пасьля перамогі заможнае райскае жыцьцё, і яны перамаглі. А ўжо ў 1948 г. гэтыя ж палітрукі-бандыты ў бацькі адабралі зямлю, жывёлу, разбурылі гаспадарчыя пабудовы і бацьку майго рэпрэсавалі. Дык чаму цяпер, калі наша краіна Беларусь пазбавілася каляніяльнай залежнасьці ад Расеі, калі мы сапраўды вольны народ, я ня маю права на бацькаву спадчыну, якую ён здабыў сумленна, потам і крывёй?

Спадзяюся, Вы ня будзеце балятавацца на трэці дэпутацкі тэрмін, ня выканаўшы сваіх абяцаньняў за мінулыя дзесяць гадоў.

Ваш выбарца Мікола Жук, Пружаны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0