12.02.2004

Рост мабільнай сувязі

Колькасьць абанэнтаў расьце як на дражджах. За адзін студзень іх пабольшала на 3,8%. Рост у МТС склаў 6,3%, у «Velcom» —1,5%.

Звышкірмашы ў сталіцы

Да канца 2004 у сталіцы зьявяцца два першыя гіпэрмаркеты, а ў 2005—2007 — яшчэ 11. Плошча кожнага ў 3—5 разоў большая за плошчу ЦУМу. Першыя звышкірмашы будуюцца на рагу Ракасоўскага і Ванеева ў Серабранцы (замоўца — замежнае прадпрыемства «БелВілесдэн») і на скрыжаваньні Лабанка і Акадэміка Фёдарава ў Сухараве (замоўца — СП «Гандальоптыма»). Усяго пад гіпэрмаркеты гарвыканкам вылучыў 13 пляцовак у розных раёнах. Умовы для забудоўнікаў такія: з асартымэнту (10—40 тыс. тавараў) мінімум палову мусіць складаць прадукцыя беларускай вытворчасьці. Толькі пятую частку агульнай плошчы крамы ўласьнік мае права здаваць у арэнду. Нарэшце, штомесяц трэ будзе адлічваць ня менш за 1% ад тавараабароту на разьвіцьцё гарадзкой інфраструктуры.

Пабудова аднаго маркету каштуе $4,5—6 млн. Cродкі маюць акупіцца за 7—10 гадоў. Пабудова гіпэрмаркетаў цяжка адаб’ецца на дробных крамах. Кожнае працоўнае месца, створанае ў гіпэрмаркеце, ліквідуе сем у традыцыйным гандлі. Сусьветна вядомыя сеткі маркетаў («Аuсhаn», «Lidl», «Меtrо», «Real», «Wal-Mart») у Беларусь пакуль не ідуць.

«Гарызонт» працуе на Расею

«Гарызонт» выпусьціў летась 400 тыс. тэлевізараў, але хацеў бы падвоіць гэтую лічбу ў 2004 г. Пры гэтым у Расею экспартуецца каля 60% прадукцыі.

Зь перавыкананьнем

Летась кансалідаваны бюджэт выкананы на 107,1%. Замежная запазычанасьць краіны зьнізілася з $813 да 736 млн. Унутраная запазычанасьць складае 6% ад ВУП. (Гэта зьвесткі Мінфіну.)

Рост МАЗу

Продажы МАЗу вырасьлі летась на 8,9% — да $321,8 млн. Завод вырабіў 15 431 грузавік (+9,2% проці 2002), 481 аўтобус (+3,7%), 4 тыс. 109 прычэпаў (+15,9%).

Ёсьць мільён яек!

За 2003 г. беларускія перапёлачкі выседзелі каля мільёна яечак. Гэта ў паўтары тысячы разоў менш, чым у курэй. Ды ўсё ж уражвае. Да таго ж, перапяліныя яйкі дыетычныя і гіпаалергенныя.

Даляр—эўра: няяснасьць

ЗША і іх хаўрусьнікі з групы G7 «дасягнулі кампрамісу ў справе падзеньня даляра». Сутнасьць рашэньня застаецца настолькі ж туманнаю, як і яго фармулёўка. Большасьць аналітыкаў ня бачаць пакуль у найбольшых фінансавых гульцоў сьвету гатоўнасьці мяняць тэндэнцыі на рынку.

У Казахстане радасьць

Хуткае ўвядзеньне ў дзеяньне нафтаправоду Адэса—Броды натхняе Астану. Казахстану для нармальнага экспарту сваіх гіганцкіх (44 млрд барэляў) запасаў патрэбныя яшчэ дзьве трубы памеру існай, да Новарасійску. Пабудова чарговае (Баку—Джэйхан, турэцкі тэрмінал на Міжземнамор’і) скончыцца ў наступным годзе. 1760-кілямэтровы шлях стане першым, па якім нафта пацячэ без кантролю Расеі. На сёньня з 16 галоўных нафтаздабыўных праектаў у Казахстане расейскія кампаніі ўдзельнічаюць толькі ў трох, і тое ў якасьці меншасных акцыянэраў. Таму Расея спрабуе ўсяляк затармазіць як праект Адэса—Броды, так і Баку—Джэйхан. Парадаксальна, што яна знаходзіць сабе ў гэтым саюзьнікаў — арабскія краіны.

Расея павялічвае здабычу

На думку старшыні рады дырэктараў «Юкасу», Расея ў 2009 г. можа выйсьці на першае месца ў сьвеце па здабычы нафты, абышоўшы Саудаўскую Арабію. У 2003 г. вытворчасьць нафты ў Расеі вырасла на 11%. У 2004 г. яна чакаецца на ўзроўні 9 млн барэляў у дзень.

МБ; РБК, АФН, «Звязда», «Частная собственность»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0