12.02.2004

2500 за Валета

Аляксей Дудараў адстойвае аўтарскія правы ў судзе. Ён дамагаецца, каб «Беларусьфільм» выплаціў яму 2500 даляраў за камэрцыйнае выкарыстаньне фільму «Белыя Росы». Аргумэнт кінастудыі: да 1996 году, калі набыў моц закон аб аўтарскім праве, былі зьнятыя тысячы фільмаў. Што ж будзе, маўляў, калі ўсе аўтары запатрабуюць ганарараў? Чыста савецкі адказ на цывілізацыйнае пытаньне.

Выбарам далі «Грэмі»

Біл Клінтан і Міхаіл Гарбачоў атрымалі музычную прэмію «Грэмі» за ўдзел у агучваньні казкі Пракоф’ева «Пеця і воўк» на новы кшталт. Сёлета «Грэмі» было надзвычай запалітызаванае. Нават r’n’b-сьпявачка Бэянс Ноўлес, якая ўзяла аж пяць залатых грамафончыкаў і мусіла б быць галоўнай гераіняй, апынулася ў цені хуткіх прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША. Гурт «Coldplay» прысьвяціў сваю песьню «Clocks» (найлепшы сынгл 2003 году) Джону Керы, Джордж Буш даў спэцыяльную ўзнагароду гурту «The Beatles». Гілары Клінтан намінавалася ў катэгорыі «найлепшы альбом» з гукавой вэрсіяй свайго бэстсэлеру «Living History», але «Грэмі» не атрымала. Хопіць і аднаго грамафона ў сям’і.

Не гадуйце бэнгальскіх тыграў

Майк Тайсан прызнаны банкрутам. Набыцьцё дарагіх машынаў і бэнгальскіх тыграў, развод з жонкай, якая адсудзіла сабе і дзецям два Тайсанавы дамы, а найбольш — суды, суды й суды ў справах згвалтаваньня, абразаў, боек, міталягічнага ўжо вуха Голіфілда зьелі ганарары Майка. Сёньня баксэр мае 150 тыс. даляраў і вінен 14,5 млн. Адваяваць усё адным хукам, чарговы раз «вярнуўшыся» на рынг, жалезны Майк наўрад ці здолее. Яму 37 гадоў. І вобраз «найгоршага чалавека на зямлі» ўжо не ратуе. Дзе цяпер іміджмэйкеры, якія яго стваралі? Дзе ты, хуткаплынная спартовая слава?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0