Лявон Вольскі, лідэр рок-гурту "N.R.M.":

(Вольскі: ) “Уражаньні самыя пазытыўныя. Адное – так стаяць днямі на гэтым холадзе і марозе – надвор’е зноў нам не спрыяе чамусьці. А так – уражаньні, паўтаруся, самыя пазытыўныя. Я не чакаў, што будзе столькі народу, мне здавалася, што ў першы дзень яшчэ прыйдзе 20 тысяч, а на заўтра ўжо нічога ня будзе. Нават дзіўна…”

(Карэспандэнтка: ) “А як вы ставіцеся да людзей, якія мерзнуць у гэтых намётах?”

(Вольскі: ) “Гэта новыя беларускія героі. Трэба кожнаму, хто ў рэчышчы Беларусі існуе, дапамагаць каваю, гарбатай, канапкамі, словам”.

(Карэспандэнтка: ) “Вельмі цёпла вас прымае публіка. Вы гатовыя выступіць з канцэртам, ці магчыма гэта?”

(Вольскі: ) “Мы б з задавальненьнем. Але трэба вельмі магутная апаратура. Не падвязуць абсталяваньне. А рабіць нейкі паганенькі канцэрцік – гэта сьмешна, гэта таксама прафанацыя”.

(Карэспандэнтка: ) “Але жаданьне ёсьць?”

(Вольскі: ) “Як можа ня быць жаданьня ў людзей, якія паўтара года былі адлучаныя ад шырокай народнай масы? Якая таксама прагне слухаць? Ня тое, што жаданьне ёсьць – прага ёсьць сыграць. Нашая публіка – яна самая лепшая ў сьвеце. Для нас, прынамсі”.

Кася Камоцкая, "Новае Неба":

(Камоцкая: ) “Трэба падтрымліваць дзеяньнямі, а ня словам, разумееце? Усім выходзіць на плошчу, не сядзець дома, а выходзіць! Пакуль там столькі людзей, яны будуць галодныя і халодныя”.

Лідэр рок-гурту “Крама” Ігар Варашкевіч:

(Варашкевіч: ) “Я сам выходжу. Шкада, што малавата людзей. Я тэлефанаваў сябрам, і многія кажуць: “А што, трэба ісьці?” Проста адзін баіцца, другі ня хоча ісьці. Вось такая праўда. Тут ёсьць перамога, што людзі ўсё ж такі не пабаяліся выйсьці на плошчу. Які будзе працяг, я ня ведаю, але я і сёньня пайду”.

(Карэспандэнтка: ) "Лічыце, што больш павінна выходзіць?"

(Варашкевіч: ) “Безумоўна. Я даўно пра гэта казаў. Тысяч 100 павінна быць, як мінімум”.

(Карэспандэнтка: ) “Лічыце, што ва ўмовах Беларусі гэта магчыма?”

(Варашкевіч: ) “Магчыма. У кожнага, хто стаяў на плошчы ў першы дзень, быў дзесятак знаёмых, якія маглі прыйсьці. І калі б яны прыйшлі, было б 100 ці 200 тысяч. Адны запалоханыя, іншыя маюць надзею на цуд, што нехта штосьці зробіць, і ўсё атрымаецца. Чужымі рукамі. А нешта чужымі рукамі ня зробіцца. Толькі сваімі”.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0