На дварэ месяц люты. Насамрэч не такі ён ужо люты, ва ўсякім разе, параўноўваючы з нашым «лютым летам». Але ўсё прайшло, Ліцэй жыве.

Мы засталіся разам і дажылі да гэтага месяца, пратрымаліся паўгоду ва ўмовах, цалкам накіраваных супраць нас. А гэта ўжо пра нешта кажа.

Падчас абароны, а пасьля — экстрэмальнай вучобы імя Ліцэю абрасло разнастайнымі эпітэтамі, накшталт «няскораныя», «героі», і так званы «ліцэйскі дух» стаў для многіх людзей прыкладам жыцьцёвай прынцыповасьці й мэтанакіраванасьці. Ліцэй надаў веры ў лепшую будучыню, і, упэўнены, назіраючы за мужнасьцю маладзёнаў, нават самы хранічны пэсыміст зазначыў бы, што ня ўсё згублена.

Прайшло паўгоду. Паўгоду на вуліцы, якія зьмянілі Ліцэй назаўжды. Ліцэй стаў больш сур’ёзным: не зажылі шнары ад летняй барацьбы, не засохлі сьлёзы ад разьвітаньня зь некаторымі дзецьмі, не дадало гонару выгнаньне з будынку й вымушанае бадзяньне па горадзе бяз права нармальнага жыцьця — вось што зрабіла зь Ліцэем улада. Выкладнікі нэрвуюцца за навучэнцаў, моладзь перажывае па страчаным будынку й творчых магчымасьцях, бацькі — за лёс дзяцей. Уся гэта нэрвовасьць напружвае ліцэйскае жыцьцё, стасункі, дый ці магчыма адчуваць сябе лепей, калі з табой абыходзяцца, як з апошнім вулічным сабакам, пазбаўляючы дому, усяго настолькі роднага й блізкага.

Каб любіць Беларусь і паважаць свой народ, неабавязкова вучыцца ў Ліцэі, слухаць лекцыі па літаратуры Лявона Баршчэўскага, дастаткова верыць, быць упэўненым у сабе й не спыняцца на дасягнутым. Ліцэісты навучылі нікога не баяцца, ісьці да канца й быць прынцыповымі. Вазьміце іх за прыклад.

Паўгоду навучылі мяне не здавацца й трымацца разам з аднадумцамі. Кіравацца праўдаю, жыць вераю ў свае сілы, працаю дзеля будучыні маёй краіны. Я не хачу жыць у дзяржаве, дзе дзяцей б’юць дубінкамі за тое, што яны нешта любяць. Я не хачу жыць у краіне, дзе сьмяюцца з маёй мовы, ненавідзяць маю культуру й хочуць хутчэй куды-небудзь змыцца. Таму я зьмяню гэтую краіну, зраблю такой, якой бачыў у мроях, пра якую чытаў у падручніках, — моцнай, прыгожай, паважанай у сьвеце. Я веру ў сябе, у сваіх сяброў, у Ліцэй, у Беларусь. Досыць! Прыйшоў час жыць так, як хочам мы!

Франак Вячорка, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0