Працяг. Пачатак у «НН» № 19—46 за 2003.
Заклікі
Мяне маладога й часьцяком п’янаватага цягнула на рыфмаваныя заклікі. Бо жылі мы ўсе ў часе суцэльных закліканьняў у адным кірунку — да сьветлай будучыні.
Над акенцам, куды здаюць аналізы, прапаноўваў я невядома каму такі заклік:
Браточкі хворыя, сюдой
Здавайце першы свой надой.
У выдавецтве нашыя дзяўчаткі й маладзічкі забягалі пасмаліць і ў так званыя сенцы мужчынскага туалету, бо рамантавалі па чарзе то жаночы, то мужчынскі. I зноў жа зарыфмаваў я лагоднае:
Мілыя паненкі, лэдзі!
Не курыце ў туалеце.
Лепш займіце,
Будзьце любы,
Нечым іншым вашы губы!
Пры перакладзе часта падводзіць аднолькавае гучаньне разнасэнсавых словаў. Была расейскамоўная рэкляма:
Тот, кто утром кофе пьет,
Целый день не устает.
Яе пераклалі:
Той, хто ўраньні каву п’е,
Цэлы дзень не ўстае.
Адразу ўзьнікала пытаньне, ад чаго: ад хваробы ці ад ляноты?
А варта было перакласьці хоць бы так:
Вып’еш зранку шклянку кавы —
Будзеш цэлы дзень рухавы!
Калі пачалі ў Саюз пісьменьнікаў прымаць цэлымі табунамі, вырваўся заклік караценькі:
Аюсь, аюсь,
Усе ў Саюзь!
Калі ў постімпэрскім абсягу запанаваў даляр, зарыфмаваўся заклік з адценьнем карыснай парады:
Як маеце даляр вы,
Ідзіце зь ім да лярвы.
Цяпер проста раіць і ўжываць гэтае клятае камуністамі слова. А ў савецкія часіны, маючы некалькі даляраў у кішэні, ільга было зайсьці за браму (не неўміручасьці) турмы адпаведна на некалькі гадоў. I зусім як эпізод з таннай мэлядрамы ўспамінаецца прыгода афіцыйнага камэдыянта Андрэя Макаёнка. Прыехаў, здаецца, з Амэрыкі. Засталося колькі там даляраў. Вечарам зайшоўся ў ятку ў гатэлі «Менск» і за даляр купіў пляшку каньяку. Удзень выклікалі ў ЦК і па-бацькоўску паўшчувалі: савецкі чалавек павінен купляць за савецкія рублі.
Час — заказчык заклікаў.
Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".
Рыгор Барадулін
Працяг будзе.