Магу адно здагадвацца, якія эмоцыі захлыналі гамельчукоў, калі на вуліцах гораду зьявіўся першы аўтамабіль.

Калі паверыць газэце «Полесская жизнь» за 1911 г., значным дасягненьнем тагачаснага грамадзкага транспарту сталася выкарыстаньне трох аўто, што курсавалі між Гомелем і Беліцай. Многа ці мала? Пытаньне было рытарычным ужо ў тую часіну.

Дый цяпер пікавай часінай усе аўтобусы/тралейбусы піхма напханыя. Аплачваць праезд у такі час бальшыні здаецца залішняй сумленнасьцю: «Мы душымся тут, дык яшчэ і плаціць за гэта трэба?» Між тым дырэктарат транспартных ведамстваў пры кожнай нагодзе паўтарае пра страты з прычыны нядобрасумленнасьці пасажырства. Прыточваюць канкрэтныя лічбы-адсоткі, але не гавораць наўпрост, колькі б можна было за неатрыманыя грошыкі набыць новых машын.

Летась аўтобусьнікі і тралейбусьнікі спрабавалі ваяваць. Скасавалі штомесячны супольны праязны квіток. Купляць два розныя было накладна. Таму браўся адзін, на тралейбус. А ў аўтобусе — змушанае зайчыкаваньне, асабліва калі кандуктар закешкаўся і не спрыкмеціў, «хто там в міня вашол». Халодная вайна неўзабаве аціхла — вярнуўся зручны дубальтовы квіток. Толькі ж новых машынаў на маршрутах не пабольшала. То і даводзіцца чуць: «Маючы праязны «Аўтобус-тралейбус», сядаю ў маршрутку, каб безь цісканіны скоранька даехаць да працы».

Маршруткі атакуюць. Дарма што праезд у іх каштуе ў два з паловаю разы даражэй за квіток у аўтобус ці тралейбус. А каб яшчэ больш прывабліваць кліентаў, на многіх маршрутах дзейнічае правіла: у межах пэўнага раёну (напр. Валатава, Навабеліца) аплата таньнейшая на 50%. Кіроўцы маршрутак — рызыканты-ліхачы. «15 хвілін страху, і Вы дома!» — рэклямаваў адзін такі свае паслугі. Пры найменшай мажлівасьці яны імкнуцца праехаць на чырвонае сьвятло. Пасажыр мае небясьпеку пацярпець праз прашмыглівага вадзілу, які лічыць грошы ў часе руху, не трымаючыся за стырно. Шафёры аўтобусаў маршрутчыкаў ненавідзяць і «помсьцяць»: загароджваюць дарогу, прыціскаюць да ўзбочыны etc. Проста нейкі транспартны дарвінізм. А яшчэ ж свайго гучнага слова не пасьпеў сказаць вэлясыпэд.

Сяргей Балахонаў, Гомель

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0