Сыстэма ацэнкі ведаў на выхадзе са школы ўсё ж зьмяняецца. Старая сыстэма дае больш магчымасьцяў для карупцыі, але з кансэрватыўнай крытыкай новаўвядзеньняў выступіў Аляксандар Лукашэнка. Тым ня менш, пераход на тэсты адбудзецца.

А.Лукашэнка на нарадзе зь міністрам адукацыі і рэктарам БДУ выказаў сумнеў у мэтазгоднасьці рэформы: «У мяне асабіста няма станоўчага меркаваньня, станоўчай ацэнкі самога тэставаньня. Мы адыходзім ад нашых традыцыяў гэтым самым. Экзамэн заўжды быў сьвятам. Гэта быў лад жыцьця школы. Самае галоўнае — мы ня бачым чалавека».

Ці азначае гэта, што цэнтралізаваныя тэсты і наагул рэформа школы, накіраваная на ўлучэньне яе ў агульнаэўрапейскую адукацыйную прастору, цяпер спыніцца?

Аднадушнага меркаваньня наконт гэтага няма, як не адназначна ставяцца спэцыялісты і да тэставаньня. Абавязковыя цэнтралізаваныя тэсты — сёлетняя навінка: раней іх можна было здаваць па жаданьні. Сёлета цэнтралізаваны тэст па мове (беларускай ці расейскай) стане абавязковым для здачы. Адзнакі, атрыманыя на тэстах, будуць выстаўляцца абітурыентам заміж іспытаў па адпаведных прадметах і залічвацца пры паступленьні ў ВНУ.

З аднаго боку, тэсты, як адзначае дацэнт БДУ Ўсевалад Рагойша, не заўсёды прыдатныя для ацэнкі вучня: «Тэставаньне само па сабе ня кепскае і ня добрае — гэта звычайны, нэўтральны пэдагагічны інструмэнт. Менавіта за сыстэму распрацаваных кантрольных тэстаў па беларускай літаратуры я атрымаў пэдагагічную катэгорыю. Але тэсты могуць быць розныя. З досьведу ведаю, што тыя тэсты, якія цяпер практыкуюцца на ўступных экзамэнах, накіраваныя на выяўленьне найлепш падрыхтаваных, а ня здольных і таленавітых абітурыентаў». Прарэктар БДУ па навучальнай працы Віктар Самахвал наагул адмаўляе карысьць тэстаў: «На 99% людзі ставяцца да гэтай сыстэмы адмоўна. Як можна прымаць абітурыента на спэцыяльнасьць «замежная мова» ці «журналістыка», калі ня бачыў яго?»

Зь іншага боку, тэсты даюць бесстароньнюю ацэнку: адказаў — атрымаў адзнаку толькі за веды, а не за адносіны з настаўнікамі ці знаёмства з выкладчыкам. Нават сёньняшнія тэсты, на думку У.Рагойшы, ужо далі плён: «За апошнія гады пасьпяховасьць сярод студэнтаў БДУ ўзрасла шматкроць, узровень эрудыцыі нашмат вышэйшы, як пяць гадоў таму. Чынавенскія інтарэсы таксама задаволеныя: статыстыка пасьпяховасьці добрая, сярэднія балы паказальныя. Але, з другога боку, празь цяперашнюю сыстэму тэставаньня сапраўды надзвычай цяжка прайсьці здольнаму вяскоўцу — у вёсцы няма бібліятэкі, а пару месяцаў на год даводзіцца замест школы хадзіць на бульбяныя ды бураковыя палеткі.

Дый настаўнік на пэрыфэрыі заўсёды будзе менш прафэсійны. Дзяржава можа колькі хоча трымацца абавязковага разьмеркаваньня і будаваць дамы для «маладых спэцыялістаў», але факт застанецца фактам: добраму настаўніку, як і артысту або палітыку, патрэбная як мага большая і ўдзячная аўдыторыя, а таксама прафэсійныя кантакты — таму ўцёкі добрых пэдагогаў зь вёскі непазьбежныя. У гэтым сэнсе «пэрсанальны» іспыт і сапраўды лепшы за безаблічнае тэставаньне. Іншая рэч, калі ў тэсты па асобных прадметах паўключаць заданьні на творчасьць, нестандартнасьць рашэньня, псыхалягічную ды інтэлектуальную здатнасьць, што, зрэшты, і практыкуецца ў Эўропе. Але гэта ня зробіцца з наскоку і за адзін сэзон».

Экс-міністар адукацыі Пятро Брыгадзін, цяпер рэктар Інстытуту кіраваньня і сацыяльных тэхналёгіяў БДУ, лічыць, што сьпяшацца з увядзеньнем цэнтралізаваных тэстаў ня варта: «Тэсты — тэхналёгія, якая пасьпяхова выкарыстоўваецца ў бягучым кантролі ведаў і для выніковага кантролю. У многіх краінах сьвету ідзе экспэрымэнт па ўвядзеньні цэнтралізаванага тэставаньня, і некаторыя краіны нават цалкам перайшлі на яго. Але ж ня ўсе ставяцца да яе пазытыўна. Я размаўляў з рэктарамі маскоўскіх ВНУ — яны ставяць пад сумнеў гэтую сыстэму».

Уводзіць цэнтралізаваныя тэсты Беларусі ўсё ж давядзецца: гэтага вымагае Лісабонскае пагадненьне пра ўніфікацыю вышэйшай адукацыі ў Эўропе, ратыфікаванае Беларусяй. Іншая рэч, што шлях да гэтага будзе пакручасты: у сыстэме адукацыі маса савецкіх атавізмаў. Аднак, як кажа У.Рагойша, баяцца зьменаў ня варта: «Аб’ектыўна, дзеля дабра маладых людзей і будучыні навукі ды адукацыі ў цэлым (калі хто хоча — і дзеля справядлівасьці), варта было б перагледзець сыстэму тэставаньня дый сапраўды ўвесьці нейкія квоты для несталічных абітурыентаў. Баяцца няма чаго: пры сапраўды істотным павышэньні ўзроўню ўнівэрсытэцкай аўдыторыі і выразнай канкурэнцыі паміж студэнтамі, што мы сёньня назіраем, «лімітчык»-няздара вельмі хутка выпадзе з плыні і балястам ня будзе».

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0