Цікавы vox populi трапіў мне на вочы на сайце расейскага чырвона-карычневага дацзыбао «Стрынгер»: «У дзень абаронцаў Айчыны мяне ахопліваюць некаторыя сумневы: ці будуць мае суайчыньнікі абараняць такую Айчыну ў выпадку іншаземнай агрэсіі? Ну, амэрыкосам, кітайцам, мусульманам, хутчэй за ўсё, супраціў яшчэ будзе аказаны... А вось, напрыклад, калі Лукашэнка накіруе на Маскву адну дывізію пад лёзунгам «Вызвалім братоў ад гвалту алігархаў, каўкаскай мафіі, карумпаваных чыноўнікаў»?

Ну хто выступіць супраць беларусаў? Акрамя сэк’юрыці алігархаў, пары генэралаў ды групкі баевікоў каўкаскіх АГП? А простыя людзі, нават у пагонах, будуць сустракаць хлебам-сольлю. Дойдуць беларусы да Смаленску, а там пакоціцца. А ў Лукашэнкі іншага выхаду няма: вясной яго заходнія спэцслужбы здымаць будуць. Якія будуць думкі?»

Ідэя капітуляцыі перад войскам Мальцава аказваецца папулярнаю. І наступны наведнік, Siberian Hort з Краснаярску, рапартуе: «Нягледзячы на тое, што ў Белай Русі самая моцная армія ў Эўропе, некалькі валанцёраў з Краснаярску ім лішнімі ня будуць».

Выходзіць, Беларусь мае ў Краснаярску сваю сетку рэзыдэнтаў, якія чакаюць толькі знаку, каб абматацца шашкамі і ўзарваць сябе разам зь Мілерам…

Такія мэтамарфозы загадкавай расейскай душы прымушаюць перагледзець ідэю «эўрапейскага выбару для Беларусі». Што мы забылі ў тым ЕэСе? Ну, станем краінай сьцярвозных бюргераў. Будзем non-stop змагацца за тое, каб Брусэль падняў нам квоту на зьнішчэньне каларадзкіх жукоў…

Не, нашы дэмакраты павінны падтрымаць ініцыятыву стрынгераў. Калі «беларускае ярмо» расейцам пакоціць, бацьку будуць патрэбныя кадры з радзімы. 10 мільёнаў бульбашоў будуць кантраляваць 150 мільёнаў расейцаў! (З улікам зуаваў з Краснаярску гэта 1,2 на 15.) Сфармуецца, вырваная з капіталістычнай вытворчай схемы, субкультура кшталту піратаў, янычараў або казакаў, «часовая аўтаномная зона», паводле тэрміналёгіі клясыка анталягічнага анархізму Хакім-Бея.

Ніводнага подпісу Статкевічу пад ягоную пэтыцыю аб інкарпарацыі Беларусі ў Эўразьвяз! Галоўнае — узяць Смаленск, а там пакоціцца.

А калі не пакоціць, мы нічога не губляем. Калі пасьля першай сэлектарнай нарады ў Крамлі па пытаньнях прыбіраньня сьнегу на дахах расейцы ачухаюцца ад бацькавага гіпнозу, дык на хвалі антыбеларускага супраціву РБ хуценька адпусьцяць у ЭЗ.

Лёлік Ушкін,

чырвоны інтэрнаўт

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0