Аб беларускіх кніжных вогнішчах я ўпершыню пачула ад Янкі Багдановіча (выдаўца часопісу «Шлях моладзі»). У 50-я сьледчы, які вёў яго справу, казаў: каб ня быў падсьледны беларускамоўным ды адукаваным, ніхто б да яго і не чапіўся, а так ёсьць «указаньне»...

А яшчэ той сьледчы прымушаў дзядзьку Янку паліць беларускія кнігі і часопісы ў яго прысутнасьці. Дзядзька Янка добра ведаў, як складзеная ягоная грубка ўсярэдзіне, таму адразу саваў кніжкі ў схованку. Сьледчы, пераканаўшыся, што агонь добра гарыць, выходзіў, а дзядзька Янка даставаў уратаваныя кнгі. Пры канцы 80-х ён мне паказваў іх. І цяжка выказаць словамі тыя пачуцьці, зь якімі я трымала ў руках уратаваныя кнігі.

Доктар Аляксандар Курцейка зь Нямеччыны, таксама ахвяра сталінскага тэрору, неяк зацікавіўся лёсам хаты Старога Ўласа. Знайсьці пашанцавала толькі падмурак і сваякоў. На пытаньне, ці засталося што-небудзь з рэчаў, пачуў адказ, што яны ўсё спалілі. Скардзіліся, што вельмі ж доўга гарэла вогнішча, бо кніг было шмат. Спрасаваныя старонкі не хацелі гарэць.

Дзеці Язэпа Найдзюка распавядалі, што пасьля першага і адзінага вобыску ў хаце ўсю ноч палілі бібліятэку і бацькавыя паперы. Сын Францішка Аляхновіча ўзгадаў, што ў 1939 г., як толькі саветы ўступілі ў Вільню, маці спаліла ўсё, што было зьвязана з бацькам. Нават маляваны партрэт. І малы мусіў ёй у гэтым дапамагаць.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Людвіка Вітушкава-Кардзіс

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0