Ілона Карпюк: — Дзеля чаго існуе Фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча»?

Радаслаў Дамброўскі: — «Басовішча» ўвесь час патрэбнае дзеля падтрымкі беларускай культуры. Гэта свята беларускай музыкі, але перад усім свята маладых беларусаў, важнае як дзень нараджэння.

— Чаму людзі прыязджаюць на гэты Фестываль?

— Ёсць пару прычын. Напэўна таму, каб адчуць гэтую своеасаблівую атмасферу найбольшага, па‑мойму, беларускага фестывалю «open air». З другога боку прыцягвае атмасфера, на якую ўплывае месца, але ў галоўным людзі. Прыязджаюць яны сюды, каб сустрэць аднадумцаў.

— Ці Фестывалю пад сілу канкураваць з іншымі фестывалямі ў нашым рэгіёне, Польшчы, свеце? Ты сказаў раней адно слова‑ключ «open air»…

— Думаю, што можам канкураваць з многімі фестывалямі і па музычным узроўні, і па колькасці гледачоў, нават з «Heineken Open’er» (смех).

— Тады ў чым адметнасць і сіла «Басовішча»?

— Перад усім гэта ж міжнародны фестываль. Але гледачы мэтанакіраваныя, прыязджаюць дзеля прыемнасці, але і з канкрэтнай думкай у галаве. Ведаюць, што «Басовішча» — беларускі фэст, хто гэтага не разумее — не прыедзе.

— Менавіта так, але паўстаюць у рэгіёне чарговыя фэсты «з ідэяй»?

— Так, на беларуска‑ўкраінскім памежжы, здаецца, ладзяць іх за грошы шведскай амбасады, нават хіба па ініцыятыве самой амбасады. Ужо існуюць полацкае «Рок‑кола» ці «Вольнае паветра» ў атмасферы фольк‑музыкі, але думаю, што гэта не канкурэнцыя для нас.

— А на беларуска‑літоўскім памежжы ў Нарвялішках? Там упершыню 24‑26 жніўня адбудзецца новы фестываль, шэсць нацый на сцэне, з амбіцыямі спалучаць людзей дзякуючы музычнай культуры?

— Гэта таксама новая думка, у якой няма нашага багацця — ідэйнай традыцыі. Усе сучасныя фестывалі паўстаюць на хвалі палітычнай папулярнасці Беларусі, гэтым самым гэта жэст салідарнасці. У нас фэст тыпова беларускі, а для прыкладу, паколькі не памыляюся, у Літве зайграюць два, максімальна чатыры, беларускія гурты.

— Часта, аднак, басаўскаму фэсту прыклейваюць ярлык палітычна заангажаванага мерапрыемства…

— Гэта перад усім дзякуючы беларусам з Беларусі, якія паяўляюцца са значкамі «За свабоду», якія прыязджаюць сюды ствараць «Вольную Рэспубліку Басовішча». Мы тое разумеем, але не адлюстроўвае гэта нашага напрамку.

— Апрача беларускіх гуртоў на «Басовішчы» зайграюць замежнікі, як у выпадку іншых фестываляў.

— Так, зайграюць гурты з Польшчы, Літвы і Украіны, але не можна раўняць нас з іншымі фестывалямі. «Басовішча» было прыдумана перш за ўсё для беларускай меншасці ў Польшчы. Мае яно разбуджаць зацікаўленне нашых беларусаў, мае зацікавіць беларускай культурай, а ў выніку — грамадскімі падзеямі.

— А калі б стварыць такую іерархію важнасці…

— Напэўна самае важнае — гэта прамоцыя беларускай культуры і ў галоўным музыкі, з другога боку хацелася б бачыць «Басовішча» як месца канфрантацыі музыкі суседскіх краін. Праўда, значна павялічваецца колькасць беларусаў з Беларусі, але і гэта не павінна абазначаць арганізатарскіх мэтаў.

— Фестываль гэты не першы, а Ты прыхільнік паслядоўнасці. Ці маеш абсалютна сваю ўяву?

— Я хутчэй паслядоўнік, але ўсё ж такі паклоннік уявы, каб пашырыць канцэпцыю на іншыя сферы культуры. Мабыць, удасца паказаць у Гарадку спектакль, а ноччу пасля канцэртаў у Барык вернецца кіно.

— На што можам спадзявацца ў гэтым годзе з музычнага боку?

— З цікавейшых гуртоў можна будзе пабачыць «Крамбамбулю». Гэта добры гурт, які варушыць публіку дзякуючы папулярнасці і весялосці. Ідуць перамовы з «Растай» — класным беларускім гуртом, які спявае на англійскай мове. Гэта новыя гурты на нашай сцэне. Напэўна цікава запрэзентуюцца таксама нашы сталыя госці, перад усім таму, што паявіліся новыя дыскі. Таму варта будзе паслухаць «Н.Р.М.», «Таварыша Маўзэра», «Краму», вяртаючыся «Палац» ці тэатралізаваны «ЧпБ».

— Не кажаш нічога пра польскае «Farben Lehre» ці «Тінь Сонца» з Украіны?

— Польскі гурт патрэбны. Вядома, ён можа не арыгінальны, але перш за ўсё ён сам быў вельмі зацікаўлены ідэяй фэсту, то і дамовіліся. «Тінь Сонца» настолькі цікавы, што сам па сабе пачаў спяваць па‑беларуску, казалі нават, што беларуская мова амаль як родная, а музыка супадае з фарматам фэсту.

— Ужо ведаем састаў конкурснікаў. Як ацэньваеш узровень?

— Сітуацыя такая, што не будзе праблемы адабраць прынамсі трох пераможцаў. Журы не будзе хвалявацца за тое, ці ўзнагароджаны гурт заслугоўвае такога вылучэння. Я прыхільнік маладосці, таму такія гурты як «SKA!RB» паказваюць, што іграць цяжка — гэта не прынцып. З другога боку гурты як «Джамбібум» ці «Happy Three Friends» складана ацэньваць у адной катэгорыі з цяжкім рок‑гучаннем.

— Хто будзе прадстаўляць польскі бок?

— Не будзе ў конкурсе польскага гурту. Можа трэба памяняць твар фэсту. Маладым асацыюецца ён з цяжкай музыкай, а такія гурты можа проста ў нашым асяроддзі не паўстаюць.

— Гэта васемнаццаты Фестываль. Хочаш, каб Табе прыйшлося ладзіць юбілейную дваццатку?

— Не, я ўжо буду застары, але «Басовішча» напэўна сарганізуе Беларускае аб’яднанне студэнтаў.

— Якая яго будучыня?

— Напэўна ёсць патрэба мастацкага кіраўніка ды стварэння Рады фестывалю пра што і гутарылі мы апошні раз у лютым, але, вядома, што такую працу трэба будзе пачаць зразу пасля заканчэння сёлетняга выпуску.

Гутарыла Ілона Карпюк, «Ніва»
Крыніца: «Пагоня»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0