У хуткім часе восем краінаў былога камуністычнага блёку стануць новымі сябрамі Эўрапейскага зьвязу. Адбудзецца падзея, якую да нядаўняга часу амаль ніхто ня мог сабе ўявіць. Краіны, у якіх яшчэ 15 гадоў таму панаваў таталітарны рэжым, што прыціскаў асноўныя правы і свабоды чалавека; краіны, лёсы якіх вызначала вузкае кола людзей пасрэдніцтвам адзінай дзяржаўнай палітычнай партыі, абапертай на ўзброеныя сілы, — гэтыя краіны стануць часткай гістарычна першага наднацыянальнага згуртаваньня, заснаванага на прынцыпах сапраўднае дэмакратыі, вызнаньня адных і тых жа каштоўнасьцяў і ўзаемнай адказнасьці за будучыню ўсяго кантынэнту.

Умовай, на аснове якой краіны Цэнтральнае і Ўсходняе Эўропы ўвогуле маглі прэтэндаваць на ўваход у Зьвяз, было прыняцьце прынцыпаў дэмакратыі і прававой дзяржавы.

Усходнім суседам пашыранага Эўразьвязу будзе таксама і Беларусь. 10 гадоў аўтакратычнае ўлады Аляксандра Лукашэнкі прывялі краіну да глыбокае палітычнае ізаляцыі. Аднак гэта не павінна закранаць тых, хто жадае супрацоўнічаць з Эўропай.

Адной з характэрных прыкметаў несвабоднага рэжыму зьяўляецца непрыманьне насельніцтвам грамадзкай актыўнасьці і закрытасьць перад усімі праявамі неабыякавасьці і супольнай адказнасьці за грамадзкія справы. Менавіта гэта й адбываецца сёньня ў Беларусі. Яе грамадзяне штодня сутыкаюцца з парушэньнем сваіх асноўных правоў на свабоду распаўсюду інфармацыі і свабоду выказваньня. Суды над беларускімі вальнадумцамі, перасьлед іх па месцы працы ці навучаньня сталіся звычайнаю зьяваю, як і ўнясеньне зьменаў у заканадаўства з мэтаю абмежаваньня свабодаў. Калі ва ўмовах несвабоды рэпрэсіі й карупцыя ўспрымаюцца як грамадзка-палітычная норма, пашыраецца погляд, што кожны мусіць перадусім клапаціцца пра сябе сам, што займацца грамадзкай дзейнасьцю бессэнсоўна і што судовы перасьлед суграмадзянаў ці ўрэшце іх зьнікненьне зьяўляецца вынікам легкадумнасьці саміх гэтых грамадзянаў. Меркаваньне, што Беларусь — гэта супольнасьць грамадзянаў, якія зьмірыліся са сваім лёсам, абвяргаецца дзейнасьцю шэрагу актывістаў і грамадзкіх аб’яднаньняў. Прэзыдэнт Лукашэнка добра ведае, што менавіта апошнія зьяўляюцца найбольшымі праціўнікамі карупцыі і зародкам насамрэч свабоднага волевыяўленьня, якое пазьней можа паступова перарасьці ў свабодныя выбары. Іншымі словамі, свабодная будучыня Беларусі залежыць ад сёньняшняй актыўнасьці незалежных грамадзкіх ініцыятыў.

На першы погляд, Беларусь арыентуецца на традыцыйна шчыльныя сувязі з Расеяй ды мала цікавіцца Эўропай. Аднак вырастае пакаленьне, якое бачыць сваю будучыню менавіта ў Эўразьвязе. Да яго перш за ўсё належаць тыя, хто, ахвяруючы ўласным камфортам, а часта і бясьпекай, імкнецца зьвярнуць увагу грамадзтва на карупцыю, хлусьню ды дэзінфармацыю, якую распаўсюджвае афіцыёз. Як і ў выпадку чэхаславацкіх, польскіх ці вугорскіх дысыдэнтаў, размова ідзе пра меншасьць, уплыў якой, здавалася б, мінімальны, а шанцы на папулярызацыю лепшых ідэяў — мізэрныя. Мабыць, гэтым уражаньнем і сілкуецца няпэўнасьць і скептыцызм эўрапейцаў у ацэнцы пэрспэктываў Беларусі, а таксама і пэўная разгубленасьць перад абліччам новага суседа.

Калі раней на існаваньне лукашэнкаўскага рэжыму Эўропа рэагавала перш за ўсё крытыкай і палітычнай ізаляцыяй яго прадстаўнікоў, дык цяпер надышоў час пайсьці насустрач тым, хто імкнецца да супрацоўніцтва і партнэрства з Эўропаю. У выпадку Беларусі відавочна, што размова ідзе не пра афіцыйнае палітычнае прадстаўніцтва, а хутчэй пра дэмакратычную апазыцыю, незалежныя ініцыятывы, пра студэнтаў і грамадзянаў, для якіх дэмакратычная Беларусь атаесамляецца з эўрапейскай Беларусяй.

Я глыбока перакананы ў тым, што эўрапейцы мусяць ня толькі ізаляваць афіцыйных беларускіх прадстаўнікоў, але перш за ўсё адчыніць як мага болей сваіх праграмаў і фондаў для суб’ектаў, зацікаўленых у супрацоўніцтве, нават калі афіцыйны рэжым будзе гэтаму перашкаджаць. Толькі так мы маем усе шанцы зьмяніць сытуацыю ў Беларусі ды стварыць там умовы для свабодных выбараў. Беларусы самі на іх вырашаць, далучацца ім да Эўропы ці не, гэта будзе іхнай справай. А мы ўсе павінны будзем іх выбар паважаць. Але дзьверы ў Эўропу мусяць застацца адчыненымі.

Я веру, што будучыня Беларусі цесна зьвязана з будучыняй Эўропы, а будучыня Эўропы — з будучыняй дэмакратычнае й незалежнае Беларусі. Я веру, што дзякуючы партнэрству з праэўрапейскай часткай беларускага грамадзтва можа адбыцца тое, што цяпер мала хто можа сабе ўявіць — што Беларусь будзе наступнай краінай былога камуністычнага блёку, дзе пераможа дэмакратыя, наступнай краінай, якая стане часткаю аб’яднанае Эўропы.

19 сакавіка 2004 году артыкул друкуецца адначасова ў газэтах «Gazeta Wyborcza» (Польшча), «Frankfurter allgemeine Zeitung» (Нямеччына), «Die Presse» (Аўстрыя), «Postimees» (Эстонія), «SME» (Славаччына), «Romania Libera» (Румынія), «Jutarnij List» (Харватыя), «Washington Post» (ЗША), «Наша Ніва» (Беларусь), «Дзеркало тижня» (Украіна), «MF Dnes» (Чэхія)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0