Пра розьніцу паміж жаночым і мужчынскім маўленьнем загаварылі яшчэ ў ХVII ст., калі эўрапейцам стала вядомае вэст-індыйскае племя караібаў, у якім прадстаўнікі супрацьлеглых полаў карысталіся рознымі мовамі. У 1970-я да справы падключыліся фэміністкі ад мовазнаўства, якія рашуча змагаліся з «патрыярхальнай карцінай сьвету» і стэрэатыпам жаночага маўленьня як «алягічнага буянства памяншальна-ласкальных суфіксаў». Мода на гендэрную тэматыку пакрысе сыходзіць, а народная сьвядомасьць як дзяліла, так і дзеліць моўныя акты на «мужчынскія размовы» і «бабскую балбатню».
Да таго ж, стоячы ў чарзе да таксафона, не адзін хлопец можа адчуць сябе караібам, пачуўшы, што на Нямізе выкінулі файнюткія шкорыкі і там былі нішто сабе басаны, што Марынчын новы лапушка і немагчымы душка, што паехаць можа ня толькі дах, але і калготкі, што няма больш важных справаў, чым адсутнасьць дзялоў, а падводка — гэта ня К-19, а сродак, які вымагае вышэйшага пілятажу ў майстэрстве тынкаваньня.
Каб даць шаноўнаму чытачу ўяўленьне пра мысьленчыя катэгорыі шаноўных чытачак, аўтарка склала невялічкі слоўнічак мужчынскіх тыпажоў — самую аўтарытэтную клясыфікацыю, прынятую ў буфэтах дзявочых факультэтаў, кабінэтах манікюрніцаў і дамскіх залях цырульных салёнаў.
Акучваць каго-н. — тонка, неназойліва фліртаваць. Жаночы спосаб заляцаньня. Г.зн. не ісьці ў атаку самой, а правакаваць на залёты Яго. Ня лезьці ў суседзкі сад па клубніцы, а старанна апрацоўваць сваю дзялку. Мо нешта і вырасьце.
Ахамутаць (альбо акальцаваць) галубочка — выйсьці за яго замуж.
Бураціна — часта апроч сваіх чатырох сольда ён мае нетутэйшы акцэнт у расейскай мове і замежны пашпарт. Некаторыя з нашых дзяўчатак, што зажыгаюць з бурацінамі, лічаць дружбу народаў сродкам бесьперашкоднага буцікаваньня і шопінгу, але нашае ім фе і ганьба!
Бык — юнак з накачанымі вазэлінам цягліцамі й зьвілінай, што праступае на задумлівым ілбе. Яго ўнутраны сьвет вызначаецца культам уласных першасных полавых прыкметаў. Як усе прадстаўнікі віду, быкі вядуцца на чырвоную памаду і мільгаценьне кароткай спадніцы. Прынцыпова нерамантычныя. Іхныя «цёлкі» час ад часу пазіраюць на іх сумнымі каровінымі вачыма, у якіх стаіць нямое пытаньне: «А пацалаваць?»
Герой-любоўнік — такі сабе савецкі мача a la Карачанцаў, Баярскі і іншыя матуліны куміры. Сказаўшы пра кагосьці так, у думках звычайна дадаюць: «Не майго раману».
Ён — сынонімам гэтага кароткага, але ёмістага слоўка можа быць хіба «той-без-каго-я-не-магу-жыць-у-дадзены-адцінак-часу». Пішацца зь вялікай літары. Вымаўляецца са значэннай інтанацыяй. Sms-ка зьместу YON PATELEFANAVAU не выклікае ніякіх пытаньняў — хто — і зьяўляецца прычынай непадробнай радасьці ўсіх тваіх блізкіх сябровак.
Жанацік — з іроніі лёсу ахамутаны кімсьці іншым. Гэтае азначэньне становіцца паміж вамі сваёй разгалістай літарай «ж» і заўсёды азначае сяброўскія стасункі. Ну, амаль заўсёды…
Зажыгаць — прыемна бавіць час, на гэты самы час забываючыся.
Лыцар — абраўшы цябе сваёй Прыўкраснай Паннай, ён дзеліць свой час паміж узьвядзеньнем вашага замку і дасыланьнем даўгіх мілосных мэйлаў на тваю скрыню. Прадавачкі кветак ведаюць яго па імені. У твой гонар ён зьдзяйсьняе перамогі ў сваёй прафэсійнай сфэры і мужна трывае град суседзкіх памідораў, пеючы сэрэнады пад вокнамі тваёй хрушчоўкі. Такіх мала, адзін на пяць мільёнаў. Таму, паводле жаночай лёгікі, імавернасьць спаткаць лыцара, як у анэкдоце пра дыназаўраў, — 50%: альбо спаткаеш, альбо не.
М-м-м-м, macho — ён вабіць да сябе нават не таму, што падобны на Антоніё Бандэраса, — проста побач зь ім пачуваешся Джэніфэр Лопэз. Але перад тым як пачаць акучваньне, варта празандаваць глебу: у рэальнасьці мaча можа аказацца сваім амографам, калі ня чым яшчэ горшым.
Папік...
Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".
Марыйка Мартысевіч
Аўтарка шчыра дзякуе сяброўкам Наталцы, Юльцы, Касі і Міле, а таксама пошукавай сыстэме «Google» за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.