Да 140-годзьдзя з дня сьмяротнага пакараньня Канстанціна Каліноўскага

Ёсьць героі аднаго дня, месяца, году. Ёсьць героі цэлай эпохі. І ёсьць эпічныя героі — людзі, памяць аб справах якіх жыве стагодзьдзямі. Каб стаць эпічным героем, трэба пакінуць у гісторыі народу яркі і глыбокі сьлед. Такі сьлед у гісторыі Францыі, напрыклад, пакінула Жанна д’Арк. У шэрагу нацыянальных герояў яе імя — побач з імёнамі славутых ваяводаў ды імпэратараў Напалеона Банапарта й Карла Вялікага. Але менавіта гэтая маладая дзяўчына стала сымбалем вольналюбівай Францыі. Таму што яна ў цяжкія часы Стогадовай вайны апранула рыцарскія латы і ўзначаліла збройны супраціў інтэрвэнтам. Вельмі хутка трапіла ў палон і была спаленая на вогнішчы як вядзьмарка. Трагічны канец кароткага і бліскучага жыцьця зрабіў яе імя несьмяротным.

Гэткім жа героем для Беларусі зьяўляецца Кастусь Каліноўскі. Сын беднага шляхціча з Гарадзеншчыны, выпускнік Пецярбурскага ўнівэрсытэту, ён толькі вясной 1861 г. вярнуўся на радзіму. Тры наступныя гады яго жыцьця былі прысьвечаныя нацыянальна-вызвольнаму паўстаньню 1863—64 г., якое ён рыхтаваў, у якіх удзельнічаў і якім, нарэшце, кіраваў.

Гэта была цяжкая, няроўная барацьба. Царскі ўрад кінуў на разгром «польскага мяцяжу» больш за 300 тыс. жаўнераў і казакоў, падтрыманых больш чым трыма сотнямі гармат. А паўстанцы часта былі ўзброеныя толькі косамі, пераробленымі ў дзіды. З Францыі і Англіі так і не паступіла абяцаная зброя.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Юры Хадыка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0