Калісь рамантавалі менскую плошчу Якуба Коласа. Нарабілі файных дарожак, плітачка такая зручная. Але падсьвядома вольналюбівыя менчукі працягвалі хадзіць па старых, ненармаваных сьцежках, «як ногі прывыклі». Тады я зьдзівіўся разумнаму рашэньню нейкіх там уладаў: дарожкі разабралі ды перанесьлі на «народныя» маршруты.

Мінулы год адзначыўся «аблагаражываньнем» Саборнага пляцу ў Менску. Зьявіліся незразумелыя мармуровыя парэнчы, дзясяткі ліхтароў на пагорку наторканы, мабыць, згодна з прынцыпам «вунь туды, туды ды туды». Самыя эксцэнтрычныя менчукі выступалі з публічнымі прамовамі пра спадзеў, што ў людзей, якія гэта рабілі, адсохнуць рукі, галовы ці яшчэ што.

Днямі я йшоў тою дарогаю дахаты. Цяпер гэта здараецца радзей, бо балюча глядзець на гэтую «яўропу». Насуперак усім сучасным бэтонным дарожкам, упоперак іх да ўваходу ў мэтро цягнецца сьцежка. Праз клюмбы, проста па цаліне. Сьляды на ворыве — таксама сымбаль Беларусі. Цяперака буду хадзіць тэю сьцежкаю. Сьцежкаю Беларускаю.

Раман Тумашык, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0