У Амэрыцы менавіта яны найчасьцей становяцца кандыдатамі ў прэзыдэнты. Аднак тамака іх не прызначаюць, а выбіраюць. Нашы вобласьці — ня штаты. У слове «аблвыканкам» галоўная частка — «выканаўчы». Вэртыкальны стрыжань у хрыбце не дае кіраўнікам разагнуцца. Прызначаныя зьверху, яны толькі «верху» падкантрольныя і на папулярнасьць у народзе могуць не зважаць. Іначай ці ўтрымаўся б у Горадні Ўладзімер Саўчанка? І ці лез бы ваўкавыскі Барыс Батура ў Магілёў? У Амэрыцы яны былі б губэрнатарамі. Хто яны ў Беларусі? Постаці кіраўнікоў абласьцей у артыкуле Зьмітра Дрыгайлы.

Старажыл

Уладзімер Андрэйчанка — унікальны кіраўнік вобласьці. У лістападзе ён, калі чаго ня здарыцца на сенажацях, адсьвяткуе дзесяцігодзьдзе свайго кіраваньня. Рэдкаму чыноўніку вышэйшага рангу ўдалося б прабыць хай сабе й ня побач, але ўсё ж поруч з прэзыдэнтам 10 гадоў.

Тыя, хто працаваў з Андрэйчанкам, гавораць аб яго безыніцыятыўнасьці, аб кіраваньні з пазыцыяў «чаго жадаеце?». «Калі яму загадаюць скінуць бомбу на Смаленск, ён, магчыма, і адмовіцца, але добра падумае, — кажуць у Віцебску. — Адных яго «дасягненьняў» у галіне сельскай гаспадаркі дзесяць разоў хапае для адстаўкі». Тое самае ў вобласьці і з прамысловасьцю. Толькі Наваполацак зь яго нафтахіміяй ратуе.

Іншыя тлумачаць, што ўсё гэта — не віна, а бяда Андрэйчанкі. Маўляў, самая складаная вобласьць. Сярэдні контур гектара поля ў Віцебску — 2,7, што ў перакладзе на звычайную мову значыць «гара на гары, лес на лесе». А Андрэйчанка — правераны чалавек. Рабочы конь. Зорак зь неба не хапае, але патрэбны на сваім месцы менавіта ў гэты час, кажа адзін добры знаёмы віцебскага старшыні. У звадкі ня лезе. Вялікага кола знаёмых за мяжой ня мае. Тут можна прыгадаць хіба падпісанае ў верасьні 2001 г. пагадненьне аб супрацоўніцтве між Віцебскім аблвыканкамам і ўрадам Масквы. Але вынікаў таго супрацоўніцтва ніхто ня бачыў.

Шуму Андрэйчанка пазьбягае, у адрозьненьне ад былога калегі Даўгалёва. Працуе ціха, давярае толькі асабіста падабраным людзям. Таму ў ягоным апараце невялікая цякучка кадраў. Ніхто не пайшоў ад Андрэйчанкі з скандалам. На «Славянскім базары» зьяўляецца, але на трэціх ролях. Такі сабе актор масоўкі. Посьпехаў няма, але і правалаў яўных — таксама. Прыкладна так жа ён працаваў бы на любога іншага начальніка — на Шушкевіча, Пазьняка ці Кебіча.

Калі Андрэйчанку прызначалі, мясцовыя эліты меркавалі, што гэта — часовы чалавек, месяцы на тры. Былі ж тады ў вобласьці мацнейшыя крэатуры — Пётра Драздоў (кіруе Віцебскім гарвыканкамам), Уладзімер Грыгор’еў (пасол Беларусі ў Расеі). Але Андрэйчанка во і да «круглай даты» падбіраецца ціхай сапай.

«Змагар» за ўраджай

Дамашкевіч кіруе Меншчынай амаль пяць з паловай гадоў. Кіруе апантана. Вось, да прыкладу, дзьве цытаты з інфармацыйных абвестак Менаблвыканкаму, прысьвечаных «бітве за ўраджай». 14 жніўня 2003 г.: «Рэкамэндацыі кіраўніка дзяржавы аб неабходнасьці ўлічваць у ідэалягічнай працы пазытыўны вопыт, назапашаны яшчэ ў гады СССР, у Менскай вобласьці ўспрынятыя як кіраўніцтва да дзеяньня. Для ідэалягічнага абслугоўваньня ўборачнай пары ў вобласьці створаны 22 рэгіянальныя штабы арганізацыйна-ідэалягічнага забесьпячэньня, 127 раённых і 237 сельскіх інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. Адроджана і такая форма нагляднай агітацыі і прапаганды ў бітве за ўраджай, як баявыя лісткі, тэматычныя інфармацыйныя бюлетэні, «маланкі». Кіраўнікам выканкамаў рэкамэндавана ў райцэнтрах і на цэнтральных сядзібах калгасаў і саўгасаў у гонар перадавікоў спаборніцтва ўздымаць сьцягі працоўнай славы».

На два тыдні раней, 30 ліпеня: «Пастановаю аблвыканкаму з 30 ліпеня для чыноўнікаў усіх рангаў — ад калгаснага да абласнога — роўна на месяц уведзены 16-гадзінны працоўны дзень: з 6.00 раніцы і да 22.00 увечары без выходных».

А яшчэ за 15 дзён да таго, 15 ліпеня, Дамашкевіч рапартуе Лукашэнку: «Рэакцыяй на Вашу крытыку кіраўніцтва сталічнай вобласьці за нясвоечасовы разьлік са здатчыкамі сельгаспрадукцыі ды прыпіскі сталася пакараньне блізу трох дзясяткаў чыноўнікаў. Вызвалены ад сваіх пасадаў кіраўнікі Клецкага й Лагойскага выканкамаў, атрымалі вымовы старшыні трох райвыканкамаў. Звольненыя дырэктары, галоўныя бухгальтары ды галоўныя эканамісты пяці малаказаводаў».

У гэтым увесь Дамашкевіч: спачатку пазвальняць, пасьля настрашыць, а скончыць справу агітбрыгадамі ды дошкамі гонару. А распачаўся «разгон» пасьля 10 ліпеня, калі Лукашэнка даручыў Дамашкевічу да 1 кастрычніка «навесьці ў вобласьці ідэальны парадак». Прычым дадаў, што гэта — апошні шанец.

Анатолю Малафееву, які кіраваў Меншчынай у 80-я, прыпісваецца клясычная характарыстыка вобласьці: «Меншчына — як прастытутка на скрыжаваньні: куды б начальства ні ехала — абавязкова яе заўважыць».

Дамашкевіч з кагорты непатапляльных. Знаёмыя характарызуюць яго так: «Верна служыць. У кіраваньні нават ня жорсткі, а бязьлітасны. Яго ўлюбёная справа — зьняць ці прызначыць».

На сэлектарнай нарадзе летам 2001 г. Дамашкевіч паабяцаў прэзыдэнту сабраць у вобласьці 2,5 млн тонаў збожжа. Астатнія кіраўнікі казалі пра мільён-паўтара. Лукашэнка зь недаверам: «Ты хоць бы два мільёны зьбяры». А Дамашкевіч: «Пабачыце, зьбяром два з паловай»… І «сабралі». А дакладней — адрапартавалі. 21 сьнежня Лукашэнка нават уручыў Дамашкевічу ордэн Айчыны трэцяй ступені.

Але потым выявілася, што й гадавы плян продажу малака дзяржаве ў верасьні, і падвышэньне валавога збору збожжа, і ўсё астатняе — міраж... Ну не забіраць жа ордэн назад!

Інтэлігент

У лістападзе будзе чатыры гады, як Батура кіруе Магілёўшчынай. Будзе, калі да лістапада яго не накіруюць на больш адказны напрамак. Батура мае імідж інтэлектуала і кампэтэнтнага кіраўніка. Яго ўспрынялі дзелавыя колы.

Увесь час праяўляе ініцыятыву, пільна сочыць за выкананьнем заплянаванага. З адмоўных рысаў — любіць умешваецца ў працу падначаленых, наглядае за імі, не даючы праявіць «нізавую» ініцыятыву. Яшчэ, кажа Васіль Лявонаў, ягонаму аўтарытэту шкодзіць жонка, якая, бывае, праяўляе бестактоўнасьць у словах.

У Батуры па-майстэрску завязаны гальштук, ягоны імідж — прылюдная мяккасьць, інтэлігентнасьць. Ён добра кантактуе з журналістамі, ня робіць розьніцы паміж «чэснымі» й «нячэснымі». Усімі сваімі паводзінамі дэманструе эўрапейскасьць. І ўсё гэта вельмі кантрастуе з стылем папярэдняга кіраўніка вобласьці Міхаіла Дражына.

Але эўрапейскасьць Батуры адносная. Ён усё ж лукашэнкаўскі чыноўнік. Адсюль і ініцыятывы кшталту выказанай на паседжаньні аблвыканкаму 9 ліпеня 2001 г.: «Мясцовая дзяржаўная газэта плюс адна рэспубліканская павінны быць у кожнай хаце Магілёўскай вобласьці».

Батура мае шмат кантактаў з расейскімі палітыкамі, ён — чалавек адкрыты. А патрыярх Маскоўскі Аляксій ІІ нават узнагародзіў старшыню ордэнам Сьвятога князя Ўладзімера ІІІ ступені. І яшчэ цікавая акалічнасьць. Прадстаўнікі вышэйшага менскага чынавенства кіруюць рознымі спартовымі галінамі. Адзіны рэгіянал, які ўваходзіць у гэты клюб, — якраз Батура. Другі тэрмін кіруе беларускім валейболам. На першы, у 1999 г., яго абралі яшчэ ў рангу віцэ-прэм’ера. Апошнія выбары «галоўнага валейбаліста» былі безальтэрнатыўныя, за Батуру выказаліся ўсе 48 прысутных. Тут задачы Батуры — удзел жаночай зборнай краіны ў фінальным турніры Алімпіяды’2008 у Кітаі.

Батура — гарадзенец, і ў Магілеве ёсьць групоўкі, якія глядзяць на яго раздражнёна. Ён чалавек жорсткі, прынцыповы, «упаўвока» бачыць сутнасьць таго ці іншага мерапрыемства. Да прыкладу, фэст духоўнай музыкі «Магутны Божа»: Батура зважае на важнасьць гэтага мерапрыемства для вобласьці, адчувае веліч духовага складніку, які прысутнічае ў фэсьце. І неадназначна ставіцца да «Залатога шлягеру», які за Батурам стаў праводзіцца раз на два гады. А «Магутны Божа» — штогод.

Разам з тым за Батуры з вуліцаў Магілёва цалкам зьнікла беларускамоўе. Раз мэр Магілёва Шорыкаў захацеў вярнуць вуліцы Ленінскай гістарычны назоў Ветраная. І атрымаў прачуханку па поўнай праграме, бо «не ўзгадніў». А нядаўна ў Бялынічах на адкрыцьці дому культуры Батура казаў пра слабую прафэсійную дасьведчанасьць мясцовага чынавенства. Уладзімер Канаплёў, што выступаў пасьля, сказаў: «Вы, спадар Батура, ня маеце рацыі». Дык той падняўся і дэманстратыўна выйшаў.

Бальшавік-зваршчык

У Менску Паўлаў зьявіўся нечакана, у сакавіку 2000 г. Тады модныя былі газэтныя загалоўкі кшталту «Калода вычарпалася». Але пасьлядоўнасьць Паўлава на новай пасадзе, ягоны бальшавізм і фанатычная працаздольнасьць сьведчаць аб тым, што Лукашэнка стрэліў трапна. У апошнія гады сталіца нагадвае вялікую будаўнічую пляцоўку: плошча Незалежнасьці, мэтро, Дом міласэрнасьці, Камароўскі рынак, падсьветка цэнтру, Нацыянальная бібліятэка, водны комплекс «Алімпійскі», жыльлёвае будаўніцтва... Плюс пачатак будаўніцтва гіпэрмаркетаў і гандлёвах цэнтраў. І гэта толькі вяршыня айсбэргу. Менск — сталіца, тут аб’ектыўна больш вольны дух, падвышаны градус апазыцыйнасьці. Паўлаў спраўляецца з гэтым на «выдатна». Што яму Гуманітарны ліцэй, калі ён трымае ў сваіх рукох усю сыстэму адукацыі сталіцы настолькі надзейна, што, здаецца, хутка яна задыхнецца! А беларускія клясы яшчэ ў Баранавічах даводзілася зачыняць. Шапікі нейкія, прадпрымальнікі, перайменаваньні «Ракаўскай» у «Спартовую» і «Плошчы Незалежнасьці» ў «Плошчу Леніна» — што гэта ўсё ў параўнаньні з пэрспэктывай ізноў апынуцца ў Баранавічах!

Дарэчы, Баранавічы, як і Берасьце, добра памятаюць Уладзімера Заламая, калі той яшчэ быў старшынём гаркаму партыі. Да пэрыяду яго кіраваньня (1980—86) горад хутчэй быў падобны на кепскую вёску. Заламай зрабіў тут сапраўдную рэвалюцыю, пры ім забрукавалі вуліцы, навялі чысьціню. Потым былі Лапко, Дзічкоўскі і — Паўлаў. «Зрабіў» вуліцу Камуністычную, таму што побач жыў, даводзілася кожны дзень па ёй езьдзіць. Зрабіў Савецкі праспэкт, бо ён распачынаецца якраз з трасы Берасьце — Масква і вядзе да вайсковага авіязаводу, на які неаднойчы заяжджаў Лукашэнка. Забраў пад мэрыю будынак былога гаркаму, у якім пасьля путчу месьцілася школа мастацтваў.

Сядзіба добрая, але Менгарвыканкам — больш утульны. І Ратуша паблізу. А дзеля чаго ж узводзілася? Для ганаровых гасьцей. А хто іх там будзе прымаць? Натуральна, Паўлаў. Але дзеля гэтага трэба «лякалізаваць палітычную барацьбу ў межах Менску ды ня даць разпаўзьціся гэтай заразе па ўсёй краіне». Гэта — цытата з выступу Лукашэнкі ўлетку 2001 г. А вось — сьвяжэйшае: «Стварылі ўтульнае месца. Менгарвыканкам — уласьнік. Пастваралі нейкія структуркі, аддалі гэтым структуркам гэтыя плошчы, а яны здаюць у арэнду напрапалую». Гэта — з пасланьня прэзыдэнта парлямэнту 16 красавіка 2003 г. Тады Аляксандар Лукашэнка прыгразіў адправіць Паўлава ў адстаўку, калі той тэрмінова ня верне гэтыя прадпрыемствы ў дзяржаўную ўласнасьць.

І гэты вулкан — пэрманэнтны. Плюс выбары, спартовыя мерапрыемствы, гісторыі з гербам ды гімнам сталіцы і шмат чаго яшчэ. Цяжка Паўлаву з намі. І нам зь ім таксама. А як яшчэ «зварыць» безьліч умоваў і тэндэнцыяў у адну сталіцу? Толькі па-бальшавіцку! І бываюць моманты, калі наш бальшавік атрымлівае сьціплыя знакі падзякі за сваю працу. Напрыклад, 5 чэрвеня мінулага году, калі прэзыдэнт узнагародзіў Паўлава ордэнам Пашаны.

На кантрасьце

Тое, што Васіль Даўгалёў будзе адпраўлены ў адстаўку, сакрэтам не было. У Берасьцейскай вобласьці самы нізкі паказьнік сярэдняга заробку па краіне, самы высокі ўзровень беспрацоўя — 3,9%. Толькі на 50% была летась выкананая дзяржаўная замова па бульбе. На пачатку году з Даўгалёвым сустракаўся Лукашэнка ды запатрабаваў выправіць усе недахопы да 1 сакавіка. Той ня здолеў.

І 9 сакавіка быў зьняты з пасады, на якую заступіў былы міністар Канстанцін Сумар. «Спачуваем берасьцейцам: ім ізноў не пашчасьціла», — хіталі галовамі Чыгір і Ярашук. Маўляў, пасьля Бурскага й Заламая вобласьць існуе без гаспадара. А між тым, ня факт, што не пашчасьціла. Так, Сумар — чалавек старанны, непублічны, савецкі. Але ён, у адрозьненьне ад Даўгалёва, — спакойны, не нахабны, не гістэрычны, ня грубы. Тыя ж, хто працаваў зь ім у Берасьці, на раённым узроўні, добра пра яго адгукаюцца. Нават да такога: «Кіраўнік ад Бога».

Асабіста расстаўляе кадры, але можа працаваць і з ужо «расстаўленымі». Галоўнае — давер. Арганізуе працу так: прызначае кожнага падначаленага адказным за невялікі кавалак працы, ажыцьцяўляе з кожным штодзённую камунікацыю. Не прымае пасьпешлівых рашэньняў. Даступны, неганарысты, уважлівы, але патрабавальны. Ведае берасьцейцаў. А галоўнае — ня схільны да напалеонаўскіх плянаў, на што хварэў Даўгалёў. Сумар рухаецца пакрысе, мо таму і мае мэдаль «За працоўную доблесьць». Прыгадайма, як паступова, але няўхільна ўсталёўвалася і мацавалася падатковая машына. З Сумарам за стырном яна амаль забылася на халасты ход.

Уладзімер Ярмошын, калі Сумара прызначалі «на падаткі», адмыслова адзначыў «прынцыповасьць ды скрупулёзнасьць» новага кіраўніка. Даводзіцца і Сумару, натуральна, плаваць з астатнімі «ў адным моры»: Сумар уваходзіў у інфармацыйна-прапагандысцкую групу па Гарадзенскай вобласьці, а таксама зьяўляўся ўпаўнаважаным прадстаўніком прэзыдэнта па Гарадзенскай вобласьці. Затое ён, як і Аляксандар Якабсон з Гомелю, не ўваходзіць у склад савету рэспублікі, можа сканцэнтравацца на праблемах вобласьці. Іх пасьля Даўгалёва засталося безьліч.

Чужынец

«Гэты чалавек можа на плянэрках крыць матам на жанчынаў. Неяк у размове з адным падначаленым Саўчанка дазволіў сабе выказаць у запале: «Тваёй галавой цьвікі забіваць!» «Саўчанка да гэтай пары ўпэўнены ў тым, што ва ўсім сьвеце страшэнна не хапае харчаваньня», — расказваюць нядобразычліўцы ў Гарадзенскім выканкаме. «Тыповы кіраўнік з комплексам Захаду. Яму тут усё чужое. Вельмі баіцца інтэлігенцыі, а тым больш — Беларушчыны», — гаворыць Аляксандар Мілінкевіч.

Прынцып ратацыі кадраў прыдуманы Лукашэнкам, каб не ствараліся мафіёзныя кланы. Але ў дачыненьні да Горадні — заходняе сталіцы Беларусі — ён мае вынікам ператварэньне гораду ў правінцыю. Красамоўная дэталь: з трох мастацкіх галерэяў, якія там існавалі, хутка застанецца адна. І галерэя аб’яднаньня мастакоў, і прыватная галерэя «Ў майстра» вымушаныя зачыніцца празь немагчымасьць заплаціць за сьвятло, цяпло і ваду. Пакуль трымаецца прыватная галерэя «Тызэнгаўз». Саўчанка мяркуе: мастакі павінны самі зарабляць грошы.

У Горадні не засталося ніводнай беларускай клясы. Складана сабе ўявіць, што ў 1994 г. іх у горадзе было 75%.

Саўчанка выйшаў з аграрнікаў. Кіраваў калгасам. Кіраўніком быў сярэднім. Былы міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў кажа, што з 400 старшыняў калгасаў сёньняшні гаспадар Гарадзеншчыны займаў недзе месца двухсотае. Яму б прыкласьці свае веды на новай пасадзе — Гарадзеншчына ж доўгія гады першынствавала ў аграрным кірунку сярод іншых абласьцей. Пераможныя традыцыі былі закладзеныя яшчэ пры Кляцкову, падоўжаныя пры Дубку. Але Гарадзеншчына — чужая зямля для Саўчанкі. І ён для гарадзенцаў чужы.

За апошні час кіраваньня Саўчанка атрымаў дзьве прэзыдэнцкія вымовы. Адну — тым жа ўказам, якім быў адпраўлены ў адстаўку Генадзь Навіцкі, а другую — сёлета, 29 студзеня, разам з астатнімі губэрнатарамі ды віцэ-прэм’ерам Цюцюновым, — за адставаньне ў будаўніцтве жылых дамоў. Саўчанку неспакойна з усіх бакоў. У Адміністрацыі прэзыдэнта ходзяць чуткі, што ён не ўтрымаецца на пасадзе да канца году, як і Дамашкевіч.

Салдафон, але свой

Якабсон скончыў інстытут інжынэраў чыгуначнага транспарту, які лічыцца ў Беларусі адной з самых вялікіх «кадравых кузьняў». У сёньняшнім Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце транспарту вучыліся старшыня КДБ Леанід Ерын, прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі, мэр Гомелю Лявон Барабанаў. Колькі гадоў Якабсон займаўся будаўніцтвам, потым яго сталі «піхаць» па партыйнай лініі і «запіхнулі» ў Сьветлагорск. Сказаць, што там яму было складана, — не сказаць нічога.

Якраз на ягонае кіраваньне прыпадае эпідэмія СНІДу. На пачатку 90-х колькасьць хворых рэзка вырасла, лік пайшоў на тысячы. На загад Якабсона «на вушы» былі пастаўленыя ўсе прытоны. Сытуацыю ўдалося ўзяць пад кантроль.

Пра Якабсона кажуць: жорсткі салдафон безь ніякага творчага пачатку. У параўнаньні зь мінулым кіраўніком вобласьці, Мікалаем Вайцянковым, ён прайграе па ўсіх рубрыкацыях. Вайцянкоў сумняваўся наконт слушнасьці агульнага дзяржаўнага курсу, спрачаўся з начальствам, з падначаленымі быў даволі мяккі, як чалавек — неканфліктны. Плюс добрая адукацыя. Якабсон жа — «верны ленінец» і ўсюды перастрахоўваецца. Немцы, палякі зьвярталіся да Якабсона з ідэямі цікавых інвэстыцыйных праектаў, але ён пазьбягаў сустрэчаў. Раз ён нават заклікаў «набрацца мужнасьці» ды адмовіцца ад пабрацімства Гомелю з гарадамі, якія не прыносяць прыбытку і карысьці, — напрыклад, з кітайскім Хуанем. І разгортваць пабрацімства з гарадамі Нямеччыны: «Ад гэтага кітайскага гораду толькі й карысьці, што на экскурсію туды зьезьдзіць».

Што добрага зрабіў на пасадзе кіраўніка Гомельшчыны? Заасфальтаваў вул.Савецкую. Скончыў рамонт будынку гарвыканкаму. Жартуюць: «Замест «Славы КПСС» надбудавалі «цюбяцейку». То бок замест дэмантаванага надпісу савецкай эпохі зрабілі неахайную надбудову-нашлёпку.

Летась хадзілі чуткі, што Якабсона прызначаць паслом у Японію. Нават казалі аб атрыманьні агрэману, але потым гэтая інфармацыя не знайшла пацьвярджэньня, Якабсон застаўся на сваім месцы.

Наступны выпадак сьведчыць, што гаспадар Гомельшчыны — не гаспадар свайму слову. Паабяцаў ён падараваць кампутар 12-гадоваму хлапчуку Андрэю Толчыкаву, чэмпіёну сьвету па шашках. Але потым тэхніка чамусьці заехала на іншы адрас — шахматна-шашачны клюб. Там і стаіць да гэтае пары.

А можа, падначаленыя падвялі? Бо ў старшыні аблвыканкаму столькі клопату: каардынаваць дзейнасьць гар- ды райвыканкамаў, праваахоўных органаў, вайсковых арганізацыяў, фінансавых ды банкаўскіх органаў, кіраваць грамадзянскай абаронай, садзейнічаць у працы КДБ і мытні. Курыраваць структурныя падраздзяленьні аблвыканкаму: упраўленьне справаў; упраўленьне культуры; упраўленьне ўнутраных справаў; упраўленьне юстыцыі; упраўленьне па каардынацыі дзейнасьці адміністрацыйных органаў і вайскова-мабілізацыйнай працы. Забясьпечваць вынікі выбараў, біцца за ўраджай, вынішчаць апазыцыю…

Таму што вобласьць Беларусі — ня штат ЗША. І яе кіраўнік не выбіраецца, а прызначаецца, мае мінімум правоў і максымум абавязкаў. Калі аднолькава жывуць у Віцебску ды Гомелі — значыць, справа тут не ў старшынях.

Зьміцер Дрыгайла

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0