сёлета расьцягнецца на цэлы тыдзень — з 20 да 27 сакавіка. Прычым самая першая імпрэза адбудзецца ў Маскве. 20 сакавіка а 13-й у памяшканьні аддзелу нацыянальных літаратураў Някрасаўскай бібліятэкі (каля мэтро «Прафсаюзная», Нахімаўскі праспэкт, 49) для Грамады беларускай культуры будзе сьпяваць бард Зьміцер Бартосік.

У нядзелю, 21-га, а 16-й на сядзібе Партыі БНФ (Менск, вул.Варвашэні, 8) адбудзецца адкрыцьцё выставы дзьвюх мастачак — старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы й дачкі народнага паэта Беларусі Ілоны Барадулінай.

У Слоніме 21-га ж з 11-й да 13-й гарадзкой суполкай Партыі БНФ заплянаваны мітынг (ля рынку на вул.Берасьцейскай), а таксама ўскладаньне кветак да помніка Міхалу Валовічу ў вёсцы Парэчча. 24 сакавіка маладафронтаўцы мяркуюць усталяваць крыж у гонар паўстанцаў Тадэвуша Касьцюшкі ў Косаве (па дарозе на Сынкавічы).

У Беластоку сьвяткаваньне чарговай гадавіны БНР арганізуе Беларускі саюз у Польшчы. Імпрэза пачнецца 21-га а 13-й у верхняй залі кавярні «Цэхова» (вул.Варшаўская, 4/6).

Найбольшыя сьвяткаваньні, натуральна, прыпадуць на 25-га. У Менску вялікіх вулічных акцыяў ня будзе. Дзень Волі ў сталіцы вяртаецца ў напаўзабытыя формы сярэдзіны 90-х: канцэрты ў залях, ускладаньне кветак да помнікаў. Толькі ня прыйдуць на гэтыя ўрачыстасьці ні кіраўнік дзяржавы, ні старшынька Рады БНР, як гэта было, напрыклад, у 1993 г. падчас 75-гадовага юбілею абвяшчэньня БНР.

А 17-й пачнуцца «народныя гуляньні» каля Ратушы (плошча Свабоды). Адтуль удзельнікі сьвяткаваньня пройдуць да помніка Янку Купалу ў аднайменны сквэр, дзе а 18-й ускладуць кветкі.

Імпрэзаў будзе ажно дзьве — у Доме літаратара і Доме вэтэранаў. У Доме літаратара ў 18.30 зьбяруцца паэты, празаікі, барды. Вечарына, якую рыхтуе Мазынскі, мае быць больш «музычнай» — з ансамблем «Харошкі», дуэтам «Аляксандра і Канстанцін», гуртом «Стары Ольса», Лявонам Барткевічам.

Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ заплянавала традыцыйную навуковую канфэрэнцыю, прысьвечаную гадавіне БНР. Што праўда, пакуль партыя мае цяжкасьці з памяшканьнем.

Дзеля сымбалічнасьці сьвята Рада беларускай інтэлігенцыі прапанавала менавіта 25-га палітычным партыям падпісаць пагадненьне па каардынацыі намаганьняў у барацьбе за парлямэнцкія месцы.

А Беларускі ПЭН-Цэнтар у гэты дзень падвядзе вынікі першага туру конкурсу маладых літаратараў «Твор пра каханьне», прысьвечанага юбілею Пэтраркі.

Правінцыя, у адрозьненьне ад сталіцы, аддае перавагу вулічным акцыям. Так, у Баранавічах 25-га адбудзецца ўскладаньне кветак да крыжа «Ахвярам гвалту» — палітрэпрэсаваным ХХ ст.

У Віцебску актывісты «Пяцёркі+» арганізуюць раздачу віншаваньняў і ўлётак жыхарам гораду, моладзь рыхтуе сваю віншавальную акцыю а 14-й на пляцы Волі.

У Гомелі сьвяткаваньне мае адбыцца а 12-й на плошчы Леніна.

Гарадзенская маладафронтаўская суполка едзе ў Зэльву, да магілы Геніюш. У самой жа Горадні адбудзецца раздача віншавальных улётак і ўскладаньне кветак да будынку, у якім месьціўся ўрад БНР да ад’езду за мяжу (цяпер вул.Горкага, 2).

Як заўсёды, шырока будуць адзначаць Дзень Волі ў дыяспары. «Выязную сэсію» плянуе «Малады фронт» — у Вільні. Актывісты арганізацыі разам зь беларускімі студэнтамі Віленскага пэдунівэрсытэту маюць пікетаваць беларускае і расейскае пасольствы.

Пікет каля беларускага пасольства ў Брусэлі (Бэльгія) 25-га з 10-й да 11-й ладзіць тамтэйшы Беларускі цэнтар.

Вялікія ўрачыстасьці маюць адбыцца ў Празе. А 9-й сябры Зьвязу Беларусаў замежжа ўшануюць памяць прэзыдэнта БНР Васіля Захаркі на Альшанскіх могілках, а 13-й у сядзібе аб’яднаньня адбудзецца прэзэнтацыя партрэту Кастуся Каліноўскага (аўтар — Адась Каліта), а 19-й — прэс-канфэрэнцыя, прысьвечаная Дню Волі.

Дзень Волі сьвяткуюць і над Балтыкай. Беларускае культурнае таварыства «Хатка» 26 сакавіка арганізуе ў Гданьску ўскладаньне кветак на магіле Дзекуць-Малея, а ў Сопаце — прэзэнтацыю кніжкі Алены Глагоўскай пра беларусаў на Гданьскім Памор’і і канцэрт Віктара Шалкевіча «Вялікае Княства».

Заключны акорд сьвяткаваньня прагучыць 27 сакавіка. У Менску ў канцэртнай зале «Менск» адбудзецца канцэрт «Я нарадзіўся тут» з удзелам гурту «Крыві», Аляксандра Памідорава, «NRM».

У Берасьці а 12-й «Пяцёрка+» ладзіць мітынг на стадыёне «Будаўнік». А ў Празе ў той самы дзень з ініцыятывы суполкі «Скарына» ў Люстраной залі Нацыянальнай бібліятэкі з 12-й да 15-й адбудзецца ўрачыстае паседжаньне з удзелам старшынькі Рады БНР Івонкі Сурвіллы.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0