19 сакавіка ў Менску пахавалі Васю Шугалея. Ягонае цела прывезьлі з Масквы, дзе апошнія некалькі год жыў гэты музыкант. Яго знаёмыя кажуць, што Васіль быў задушаны ў собскай кватэры шнуром ад кампутара: сутыкнуўся з кватэрнымі зладзеямі.
Постаць Шугалея — адна з самых яркіх на менскай рок-сцэне пачатку 90-х. Ён быў адным зь першых айчынных шоўмэнаў — яго выступы поўніліся пэрформансамі, правакацыямі ды жартаўлівай паэзіяй. Шугалей і ягоная група «Ы-Ы-Ы» была адкрыцьцём рок-фэсту «Тры колеры’1990», поруч з «Мрояй» ды «Бондай». Менавіта Васілю належыць аўтарства вершу, вельмі папулярнага ў моладзевых тусоўках 90-х:
Я бубу цябе ў губу.
Ты бубу мяне ў губу.
Я так болей не магу!
Я хачу бубу ў бубу!
У Шугалея была процьма праектаў, зьвязаных ня толькі з музыкай, але і з графікай. У Менску ладзіліся ягоныя выставы. Але ў сярэдзіне 90-х Васіль завязаў з панк-музыкай, зьехаў у Маскву, пісаў тэксты для расейскіх поп-зорак. Самая вядомая яго песьня — «Ветер знает» для групы «Браво». Менавіта ён адкрыў расейскай шоў-эліце «Ляпіса Трубяцкога».
Сяргей Будкін