Якую сьвініну мы будзем есьці празь дзесяць гадоў — беларускую ці прывазную? Пакуль нашая сьвініна ня можа канкураваць з заходняй. А ўступленьне краіны ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю будзе вымагаць ад беларускіх прадуктаў адпаведнасьці агульным стандартам. Сьвінагадоўцы пэўныя, што дадуць рады праблеме. Дзеля гэтага выводзіцца адмысловая мясная парода — беларускі дзюрок.

«Гаспадару трэба ведаць, што вялікая карысьць можа быць не ад усялякай сьвіньні, але толькі ад сьвіньні добрай пароды (гатунку), культурнай сьвіньні — заводзкай, як кажуць. Бо наша простая (некультурная) сьвіньня шмат карысьці ня дасьць. У ёй, як вядома, толькі косьці ды скура, а сала і мяса вельмі мала; хоць яе кармі-раскармі, а больш як 2—21/2 пуды вагі ў год яна не набярэ. Праўда, так яе і даглядаюць у нас: яна сама па сабе харчуецца, чым і як прыйдзецца, асабліва ўлетку, — то ў агародзе, то ў лесе, то на выгане, і большай часткай жыве паўгалодная», — пісаў у 1920-х у сваёй кнізе «Сьвіньня — скарбніца гаспадара» першы кіраўнік ураду БНР вэтэрынар Янка Серада.

На той час у беларускіх гаспадарках дамінавала мясцовая парода сьвіней — чорна-пярэстая. Зьявілася яна праз шматвяковае бессыстэмнае скрыжоўваньне дзікіх мясцовых сьвіней з прывазнымі. У розных рэгіёнах гэтыя сьвінкі зваліся па-рознаму — «слуцкімі», «чавускімі», «сьвіслацкімі», але былі ўсё ж аднае пароды. Савецкія сэлекцыянэры клікалі яе «палепшанай беларускай» і хвалілі за плоднасьць, непатрабавальнасьць, досыць буйныя габарыты.

За часоў калектывізацыі ў чорна-пярэстых зьявіўся магутны канкурэнт — белая буйная сьвіньня. Гэтую пароду насаджалі ва ўсім СССР. Чорна-пярэстыя прератварыліся ў бедных сваякоў, годных хіба на скрыжаваньне з буйным белым братам. Хоць нават маскоўскі акадэмік Міхаіл Іваноў, выпускнік Горацкай вучэльні, лічыў мясцовую пароду найбольш прыдатнай для Беларусі.

Ініцыятарам аднаўленьня чорна-пярэстае пароды, зьведзенай амаль на нішто, стаў у другой палове 40-х прафэсар Мікалай Замяцін. Ён давёў: на аснове мясцовай пароды можна стварыць сьвіней зь лепшымі прадукцыйнымі паказчыкамі, чым буйныя белыя. Распрацоўка была запатрабаваная: Беларусь ператваралі ў край сьвінакомплексаў. Паводле савецкай сыстэмы раянаваньня, беларусы і прыбалты мелі гадаваць сьвіньні й малочныя каровы, украінцы — мясныя пароды быдла, Каўказ — авечкі... Калі ў 1951 г. у гаспадарках краіны налічвалася 1623,2 тыс. сьвіней, дык празь дзесяць гадоў іх было ўжо ў два разы болей, а яшчэ праз дваццаць, у 1981-м, пагалоўе дасягнула 4567,1 тыс. — па сьвіньні на двух беларусаў.

Тая машэраўска-сьлюнькоўская інэрцыя й дагэтуль рухае гаспадарку: сьвінагадоўляй займаюцца каля 500 дзяржаўных гаспадарак. Сярод іх 14 племгасаў і 120 сьвінакомплексаў рознай магутнасьці: ёсьць па пяць гігантаў на 108 тыс. і на 54 тыс. галоваў. Астатнія — на 24 тыс. галоваў і менш. А яшчэ ж прыватнікі: у Інстытут жывёлагадоўлі НАН ледзь не штодня завітваюць фэрмэры, каб атрымаць кансультацыю: хочуць гадаваць мясныя сьвіньні.

Сьвіны стрэс

Уступленьне краіны ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю будзе вымагаць ад беларускіх прадуктаў адпаведнасьці заходнім стандартам. Так, у Эўропе на кілё прыросту прыпадае тры кармавыя адзінкі, у Беларусі — шэсьць. То бок нашым сьвіньням трэба скарміць удвая болей. Нашыя дзюдзі неканкурэнтаздольныя й па мясных якасьцях: сьвініна тлусьцейшая і даражэйшая. Таўшчыня сала ў беларускіх сьвіней пакуль што 25—27 мм (у заходніх — 20—22 мм), сабекошт кілі мяса — большы за даляр (на Захадзе — 0,7—0,9). Але сьвінагадоўцы гатовыя даць рады гэтай праблеме. Дзеля гэтага яны пачалі выводзіць адмысловую мясную пароду — беларускі дзюрок.

Здавалася б, самы просты шлях — прывезьці сюды заходніх сьвіней. Аднак імпартныя пароды ў Беларусі не выжываюць. Уплываюць тут найперш кліматычныя ўмовы — халадней, ніжэйшая вільготнасьць паветра. Дый умовы ўтрыманьня і абслугоўваньня, харчы розьняцца ад заходніх. Так што перавезеныя дзюркі й ляндрасы рэзка зьніжаюць прадукцыйнасьць. Адаптацыя адбываецца толькі ў трэцім-чацьвертым калене.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Адам Воршыч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0