У адроджанай газэце, якую рэдагуе Сяргей Дубавец, сталыя чытачы «НН» пазнаюць той самы творчы дух і тэматыку, якія вылучалі «Нашу Ніву» 1990-х. Новая «Свабода» задуманая як выданьне элітарнае, але не для вузкага кола, а для «маральнай большасьці» нашага грамадзтва — яе палітычнай і культурнай эліты. «Выданьне, якое падымала б дух, каб насоў ня вешалі». У першым нумары — верш Янкі Купалы «Шчасьце», эсэ Генадзя Сагановіча «Historia vivit» і Ігара Бабкова «Пасьля Атлянтыды», апытаньне на тэму «Чым беларусы адрозьніваюцца ад расейцаў». Значную літаратурную частку вянчаюць праекты пераносу сталіцы Беларусі ў Горадню і Полацак.

Распаўсюд газэты пачаўся на Дзень Волі. Першы тыраж разышоўся сярод удзельнікаў вечарыны «Дзеяслова» ў Доме літаратара. Выданьне не зарэгістраванае — змушана, але і прынцыпова. Вітаем «Свабоду»! Пыл мінулага сьмялей зьбівайце зь пёраў!

Усё пачынаецца з «адзёжкі».

Неачэсанасьць (кепскія манеры, кепскае вымаўленьне, «калгасны стыль») стала прыкметаю ўлады, якая дыктуе грамадзтву нізкі чалавечы стандарт. Ці павернецца язык назваць А.Лукашэнку, ягоную «каманду» і ягоных вэртыкальнікаў людзьмі інтэлігентнымі або культурнымі? Рытарычнае пытаньне. Запанібрацтва — вось гэты кшталт, які прапануецца публіцы, пачынаючы ад безгустоўнай сымболікі і сканчаючы забойчай трасянкай з «мысьлямі» пра беларускі язык і паэзію Быкава. Празь іх гэтак выглядаем усе мы. Мы проста па-чалавечаму кепска выглядаем як нацыя сярод суседзяў на майдане геапалітычных жарсьцяў. Мы выглядаем непажаданымі, а таму — паслабленымі, і з намі (з нашай незалежнасьцю) ня маюць ахвоты лічыцца. У гэтым — першая перадумова страты незалежнасьці.

Хто можа тут супрацьстаяць? Толькі тая частка грамадзтва, якая цэніць выхаванасьць і адукаванасьць, прыстойнасьць і чалавечую годнасьць. Назавём гэтых людзей арыстакратамі духу. Даступна кожнаму, хто ўжо толькі разумее, што гэта такое.

Публіка ў любой краіне глядзіць на незалежнасьць як на штосьці, верагодна, важнае, але абстрактнае. У руку ня возьмеш, як хлеб з маслам. Дзяржаўны апарат хоць і мае справу з рэаліямі незалежнасьці — меціць сваю тэрыторыю, вядзе гаспадарку краіны, але і ён ня ведае абстрактнае каштоўнасьці. Абстрактную, або духоўную каштоўнасьць ведае інтэлігенцыя. Па вялікім рахунку, на ёй і трымаецца незалежнасьць. І так ва ўсім сьвеце. Менавіта інтэлігенцыя, як апошні тылавы эшалён, падымае народ на абарону незалежнасьці, калі тая апынаецца пад пагрозай. Дзяржава мабілізуе, арганізуе і пасылае. Але ўсьведамленьне патрэбы гэтай мабілізацыі дае людзям інтэлігенцыя.

У Беларусі, дзе адбылася ўзурпацыя ўлады адным чалавекам, такі спрадвечны і паўсюдны парадак зламаны. Сканцэнтраваўшы ў сваіх руках увесь адміністрацыйны рэсурс, гэты чалавек распасьцёр свае прэтэнзіі і на тую ролю, якую ў краіне мусіць адыгрываць арыстакратыя духу. Ён захацеў усёй улады, у тым ліку і мэтафізычнай. На нейкі час яму сапраўды ўдалося паралізаваць волю тых, хто ведае абстрактную каштоўнасьць незалежнасьці. Але сам ён, паводле прыроды свае адміністрацыйнае ўлады, выконваць такую ролю ня можа. Ён ані духоўны лідэр, ані культурны герой. Ён — дырэктар.

Што адбылося? Незалежнасьць Беларусі ператварылася ў залатую манэтку ў кішэні Лукашэнкі. Хачу куплю за яе што-небудзь, хачу не куплю, хачу пагандлююся, а захачу — выкіну на пагоду. Публіка ўсё прыме за належнае, бо ніхто ёй ня скажа, чаго насамрэч каштуе мая залатая манэтка.

Нібы хлопчык, які знайшоў грош, Лукашэнка раўніва аберагае сваю ўласнасьць. Яго аж скручвае, калі пра Беларусь загаворвае з адказнасьцю хтосьці апроч яго. Ён зараз жа імкнецца стаптаць любы агмянёк — ці то Беларускі Ліцэй, ці памяць Васіля Быкава. Ён не разумее, што духовая роля — зусім не ягоная і што ён яе ніколі ня выканае. Але ён у прынцыпе не разумее, што можа быць нейкі падзел роляў у ягоным саўгасе, дзе ён — дырэктар. Ніхто ня можа прэтэндаваць на маю манэтку!

Размовы пра «зьмякчэньне» або «беларусізацыю» рэжыму, пра тое, што Лукашэнка выме кляп з роту інтэлігенцыі, — пазбаўленыя сэнсу. Ён сапраўды хутчэй скруціць сабе галаву ў перахітрываньнях з Пуціным. І спадзевы на ўдзел інтэлігенцыі ў Лукашэнкавых гульнях — марныя. Інтэлігенцыя ніколі ня будзе запатрабаваная ім, асабліва што да ўдзелу ў гарантыях незалежнасьці.

Але ён бясьсільны забараніць інтэлігенцыі ўдзельнічаць у гэтых гарантыях самой. Як бясьсільны адабраць у мяне маю асабістую адказнасьць за маю краіну.

Калі на ўсходзе і захадзе нашых людзей бачаць ня толькі як пасланцоў «апошняга дыктатара Эўропы», што ўручаюць даверчыя граматы са словамі «эт самае...», а ўмеюць падтрымаць гаворку на роўных, адпаведна і іншае ўяўленьне фармуецца пра народ ды краіну, якія вартыя сваёй незалежнасьці, бо разумеюць, што гэта і навошта.

Цалкам зьнішчыць (зьнівэляваць) духоўную арыстакратыю, інтэлігенцыю Лукашэнка ня здолеў, бо гэта ў прынцыпе немагчыма, у чым некалі пераканаўся і Сталін. Хіба толькі на час здалося, што Лукашэнка зьнішчыў (зьнівэляваў) грамадзкую гіерархію. Хамства ва ўладзе расквітнела на галоўным тэлеэкране краіны, калі галоўны герой гэтага экрану тыкаў паважаным і пажылым людзям. Здалося, што ў краіне ўвогуле няма паважаных людзей — усе гаўнюкі, у тым ліку і любімы народам сукін сын прэзыдэнт. Усе — запанібрата. Калі ж няма паважаных людзей, няма і паважаных думак, да якіх людзі прыслухоўваюцца. Увесь працэс спыняецца.

Але гэта было нядоўгае зацьменьне. Прыродная схільнасьць да прыстойнасьці ўзяла сваё.

Другая перадумова страты незалежнасьці — ліквідацыя падзелу ўлады.

Паспрабуйце ўявіць сабе, што Лукашэнка зь нейкай прычыны кудысьці зьнік. Што будзе ў краіне? Хаос і бязвольныя апэляцыі да Расеі — каб навяла парадак. Ці ўсё ж падыме голас «палатка»? Ці, можа быць, суд? Ці армія? Ці КДБ? Хто тут яшчэ рэальная ўлада? Ніхто.

Але хто можа гэтаму супрацьстаяць?

Тут варта зьвярнуцца да тэмы парлямэнцкіх выбараў — байкоту ці ўдзелу. На маю думку, гэтыя выбары шматкроць важнейшыя, чым прэзыдэнцкія, бо менавіта праз удзел у іх фармуецца тая самая, зьнішчаная ўзурпатарам палітычная сыстэма краіны (ня важна, што яна ў апазыцыі). Тады як прэзыдэнцкія выбары — гэта зноў пытаньне аднаго правіцеля — таго ці новага. Прэзыдэнцкія выбары не здымаюць праблемы абсалютызму ўлады, а толькі адкладаюць яе вырашэньне на наступныя гады. На зьмену ўзурпацыі мусіць прыйсьці сыстэма.

Беларусь у гісторыі ня ведала свайго ўласнага абсалютызму. Лукашэнка тут — першы. Нават за савецкім часам у нас дырэктар заводу або прафэсар «важыў» нашмат больш за цяперашняга кішэннага прэм’ера. Напэўна, досьвед свайго ўласнага абсалютызму карысны, як і ўсякі досьвед. Але хіба яго не дастаткова?

Заклік да байкоту прапануе адкласьці ўсё да прэзыдэнцкіх выбараў. Гэта значыць спыніць фармаваньне палітычнае сыстэмы заўтрашняе Беларусі. Чакаць цуду, другога прышэсьця ці нейкага выбуху. Зноў чагосьці чакаць?

Байкот эфэктыўны, калі ўсе разам, калі ў грамадзтве моцнае жаданьне перамен, калі ёсьць пэрспэктыва народнага паўстаньня. Але гэтага няма. А ўсё, што ёсьць, — гэта актыўнасьць людзей, гэта рух і кантакты, гэта гуртаваньне. Нават калі пяць чалавек прарываюцца ў той эфэмэрны парлямэнт, нават калі ніводнага (як цяпер), нехта ж усё адно бярэ на сябе ролю «парушальніка спакою». Гэта прырода прабіваецца, як трава праз асфальт.

Пазьняк не дае тактыкі байкоту — ён патрабуе толькі веры ў сябе. Але мы зьнявераныя ў цудах людзі. Доўгае і бясплённае чаканьне цуду зьняверыла нас і пакінула адну надзею на ўласныя дробныя крокі. Крок ступіў — маеш, рухаешся. Урэшце перажывём мы гэтага Лукашэнку, і тады спатрэбіцца пачынаць нармальнае парлямэнцкае жыцьцё — з партыйнымі выбарамі і падзелам улады. І сёньняшнія партыі, якімі б яны ні былі, — яны будуць гэта рабіць, іншых няма.

Кажуць, ісьці на выбары — легітымізаваць палатку... Але, можа, яе якраз і трэба легітымізаваць. Бо тым самым мы ствараем прэцэдэнт ці хоць бы намёк, від на падзел улады ў краіне — тую форму, якая непазьбежна напоўніцца рэальным зьместам. Ці нехта яшчэ думае, што калі «прыйдуць нашы», яны адновяць у правох ВС 13-га скліканьня і выпішуць з ЗША «дзядзьку Сымона»?

Нелегітымнасьць «палаткі» была козырам менавіта ў ягоных руках. Але гэта пройдзеная гісторыя. Сёньня такая нелегітымнасьць толькі на руку ўзурпатару, бо дае яму магчымасьць лішні раз прынізіць парлямэнт і выкрасьліць яго са сьпісу гарантаў незалежнасьці. Не дзяліцца манэткай. На руку і суседу заграбушчаму, які, кажуць, Лукашэнку ставіць і здымае, не зважаючы на парлямэнт, тым больш што той нелегітымны.

Лукашэнка — ня Сталін і ня Кастра, а Беларусь — не імпэрыя зла і ня выспа свабоды, каб такая сытуацыя магла цягнуцца доўга. Але мяркуючы з прафанацыі нашага палітычнага краявіду, яна зьменіцца не на вуліцы, а ў кабінэтах. Не грамадзянская пазыцыя кагосьці з чытачоў гэтага тэксту прывядзе да перамен. Але менавіта ў рабленьні перамен, у іх падрыхтоўцы выявіцца грамадзянская пазыцыя. Адсюль мусіць прыйсьці заўтрашняя палітычная сыстэма, а не з Масквы і ня з штабу КБВА.

Для гэтага патрэбныя партыі. Яны захоўваюць палітычны спэктар і складаюць падмурак будучага парлямэнтарызму. Вось чаму ім трэба ўдзельнічаць нават у бутафорскіх выбарах. Каб трымаць сябе ў форме і прызвычайваць да сябе народ. Крытыку партыяў і апазыцыі ў цэлым тут апускаю — няма ў сьвеце ніводнай партыі, ня вартай вядра крытыкі ў памфлетным стылі, але, як той казаў, лепшага за дэмакратыю пакуль не прыдумана.

Аб’яднаная апазыцыя — структураваная, парлямэнтарна арыентаваная — толькі і можа на месцы абсалютызму аднавіць дэмакратычны кшталт. Ніхто, апроч яе, гэтага ня зробіць.

Трэцяя перадумова страты незалежнасьці — змазаны палітычны спэктар. Яшчэ адно наступства дзейнасьці ўзурпатара. Дбаючы пра ўзурпацыю ўлады, Лукашэнка падбаў і пра тое, каб гэтаму не было альтэрнатывы. Самы аблудны манэўр палягаў у тым, каб усе свае сілы апазыцыя кінула на антылукашызм, што непазьбежна прыводзіла да ідэйнае прафанацыі — антылукашысты камуністы і нацыяналісты мусілі ад бясьсільля грызьці адзін аднаго, і на тым канец.

Хто можа гэтаму супрацьстаяць? Натуральна, сама інтэлігенцыя, тая частка грамадзтва, якую мы назвалі арыстакратыяй духу. Якраз іхныя моцныя партыі мусяць стаць падставаю моцнага парлямэнту. А толькі ў парлямэнце зразумелая для арыстакратаў патрэба незалежнасьці можа атрымаць заканадаўчыя гарантыі.

З Лукашэнкам — ніякага супрацоўніцтва, але — адкрытае спаборніцтва. Няхай ён забаўляецца з манэткай, але ягоная роля гаранта незалежнасьці настолькі ж важкая, як ягоная роля духовага лідэра нацыі. Гэта значыць, што такой ролі ў прынцыпе няма. Той, хто ў краіне «атвячае» за ўсё, — насамрэч ні за што не адказвае і ніякіх гарантыяў не дае, не забясьпечвае. Ня варта падманвацца ў гэтым, ці то баронячы Лукашэнку, ці то лаючы яго. Варта думаць пра іншае. Пра тое, што роля інтэлігенцыі ў грамадзтве і ў справе незалежнасьці нікім іншым сыграная быць ня можа. Як ня можа быць забароненая ці дазволеная, уведзеная ці адмененая ўказам ці дзяржаўным апаратам.

Беларуская інтэлігенцыя, найлепшыя яе прадстаўнікі, добра разумеюць гэта. Толькі на іх, патаптаных і загнаных у падпольле, трымаецца сёньня беларуская незалежнасьць. А зусім не на Лукашэнку, які ў прынцыпе нічога рэальна не гарантуе.

Што да кожнага чалавека, кожнага, хто ў душы — духоўны арыстакрат, дык ягоны ўдзел у незалежнасьці — ня ў тым, каб легчы дзе-небудзь на рэйкі ці што-небудзь там падарваць... Калі ён можа хоць крупінку дадаць да вобразу самастойнай краіны Беларусі — гэта самае большае і самае патрэбнае. Каб у тых, хто наважыўся гэтую незалежнасьць ліквідаваць, хаця б закраўся сумнеў.

Сяргей Паўлоўскі

Паводле газэты «Свабода», 1’2004.

З газэтай «Свабода» можна скантактавацца праз е-mail: [email protected]

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0