Выкладчыкі зачыненага ўладамі Беларускага ліцэю не дабіліся магчымасьці дзейнічаць легальна. Упраўленьне юстыцыі Менгарвыканкаму не зарэгістравала грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская гуманітарная адукацыя — ХХІ ст.».

Увосені ўлады адмовіліся рэгістраваць грамадзкае аб’яднаньне «Беларускі ліцэй». Супраць выступіла Міністэрства адукацыі: маўляў, словам «ліцэй» можа пазначацца толькі навучальная ўстанова. Тады настаўнікі падалі ў органы юстыцыі дакумэнты ад «Беларускай гуманітарнай…». Чатыры месяцы спатрэбілася юрыстам, каб адмовіць: нібыта назва не адпавядае арт.12 «Закону аб грамадзкіх аб’яднаньнях».

«У прыватнай гутарцы юрыст нам патлумачыў, што слова «беларускі» не адпаведнае для гарадзкой арганізацыі. Але мы ад яго адмаўляцца не зьбіраемся, бо нашая аснова — менавіта беларускамоўная адукацыя», — кажа прафэсар Міхась Тычына, старшыня ініцыятыўнай групы. Выкладчыкі маюць абскардзіць рашэньне ў гарадзкім судзе.

АШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0