У Беларусі рэпрэзэнтаванае найлепшае аблічча сучаснага каталіцтва. Аднак беларус-каталік у Расеі разглядаецца як «скрадзенае дзіця» ці «здраднік». Дыякан Андрэй Кураеў адказвае на пытаньні «НН».

«НН»: Праваслаўныя і каталікі жывуць па розных календарах. У нас у Беларусі суседзі па два разы сьвяткуюць Каляды і Вялікдзень. Гэта падрывае калі ня веру, дык абраднасьць. Чалавек кажа: «Хрыстос жа ня два разы ўваскрос. Значыць, гэта сьвятары ў нечым несумленныя. І я да іх не пайду».

Андрэй Кураеў: Такое бухценьне не пераконвае. Зусім ня гэта стрымлівае тых людзей ад паходаў у Царкву, а карысьлівасьць, асалода граху, зь якой ня хочацца разьвітвацца. Скажу пад сакрэтам, што хрысьціяне сьвяткуюць Вялікдзень увогуле штонядзелі, гэта значыць ня два, а 48 разоў на год!

«НН»: А аб злучэньні календароў і Цэркваў Вы ня марыце?

А.К.: Не, ня мару. Я не разумею, якім чынам можна ўзбагаціцца пры падобным злучэньні. Я не разумею, чаму я не магу папросту сябраваць з суседзкім рыма-каталіцкім сьвятаром, не пераходзячы пры гэтым у падпарадкаваньне да Папы. Апроч таго, сучаснае каталіцтва надта разнастайнае; ёсьць людзі, якія цягнуцца да праваслаўя, да старадаўніх вытокаў хрысьціянства, а ёсьць манахі, якія бяруць урокі мэдытацыі ў будыстаў…

У Беларусі рэпрэзэнтаванае найлепшае аблічча сучаснага каталіцтва. А на Захадзе больш мадэрнізму і «сьвецкасьці». Ніхто з каталікоў ня скажа, што ў жыцьці яго Царквы няма болевых месцаў. Дык адкуль жа тады ілюзія таго, што пры нашым злучэньні адбудзецца абмен толькі станоўчым? А можа, мы «болькамі» памяняемся?

Ведаеце, што больш за ўсё падабаецца расейскаму абывацелю ў каталіцтве? Тое, што ў каталікоў падчас службы можна сядзець. А што падабаецца заходняму абывацелю ў праваслаўі? Тое, што ў нас можна другі раз жаніцца. Бо каталіцтва не прызнае другога шлюбу, а праваслаўе прызнае. І тысячы эўрапейцаў пераходзяць з каталіцтва ў праваслаўе зусім не таму, што яны пазнаёміліся з багаслоўем сьв.Рыгора Паламы, а дзеля апраўданьня другога шлюбу. Ёсьць і адна супольная хвароба ў праваслаўных і каталікоў. Гэта — сэкулярызацыя, празьмерная саступальнасьць ідэалягічным модам «гэтага веку». Менавіта таму, што ў нас саміх ёсьць гэтая нямогласьць, — мы мусім быць асабліва ўважлівымі да таго, каб яна не разрасталася далей. А каталіцтва традыцыйна палітызаванае і ў значна большай ступені сьвецкае… І, значыць, наша спагада да каталіцтва, наша злучэньне зь ім падштурхне аналягічны працэс і ў нас. Каб гэтага не было — лепей усё ж быць на адлегласьці.

«НН»: Вы называеце беларускае каталіцтва адметным сваёй традыцыйнасьцю. Што для Вас самае выразнае і адметнае ў беларускім праваслаўі?

А.К.: Я надта мала ведаю беларускае праваслаўе, каб заўважыць і сфармуляваць стылёвыя адрозьненьні. Мне толькі здаецца, што царкоўнае жыцьцё ў Беларусі сур’ёзна адстае ад царкоўнага жыцьця Расеі. У Беларусі адсутнічае ўласная багаслоўская літаратура, як і аўтарская царкоўная публіцыстыка. Я прыяжджаю ў Менск, шукаю кнігі мясцовых аўтараў, а іх няма, калі не лічыць твораў мітрапаліта Філарэта. Ёсьць толькі перавыданьні расейскіх ці францускіх аўтараў — падбор якіх, між іншым, дэманструе наяўнасьць добрага літаратурнага і багаслоўскага густу.

«НН»: Як вы ацэньваеце пагадненьне паміж урадам і Беларускай праваслаўнай царквою, падпісанае летась?

А.К.: У мяне такое ўражаньне, што гэта пагадненьне засталося на паперы. У мяне ёсьць свае крытэры для ацэнкі супрацоўніцтва дзяржавы і царквы: гэта перш за ўсё інфармацыйная палітыка і сфэра адукацыі. Колькасьць храмаў была дастасоўным крытэрам у канцы ХІХ ст., але не цяпер, у інфармацыйным грамадзтве. Ступень палітычнай і рэлігійнай свабоды можна вызначыць толькі паводле доступу да інфармацыйных каналаў. У прыватнасьці, па гатоўнасьці дзяржаўнай сыстэмы адукацыі супрацоўнічаць з царквою. Ёсьць асобныя школы і гарады, дзе сьвятароў пускаюць да дзяцей, але няма сыстэмы. У Расеі, прынамсі, першыя крокі ў гэтым кірунку Міністэрства адукацыі ўжо зрабіла: дазваляецца выкладаньне асноваў праваслаўнай культуры, выйшлі дзясяткі падручнікаў рознай пакуль якасьці.

Увогуле, першым значным крокам павінна стаць адкрыцьцё багаслоўскіх факультэтаў у пэдагагічных унівэрсытэтах і набор на іх з наступным больш-менш гарантаваным працаўладкаваньнем.

«НН»: Як гэта магчыма ў беларускіх умовах, калі суіснуюць розныя канфэсіі?

А.К.: Нішто не перашкодзіць суіснаваньню двух факультэтаў у адным унівэрсытэце. Частка курсаў будзе супольнай, частка — асобнай.

«НН»: Візыт Папы ў Беларусь магчымы?

А.К.: Як толькі будзе іншы Папа.

«НН»: Візыт Яна Паўла ІІ немагчымы?

А.К.: Магчымы, калі Ян Павал ІІ дасьць ясную сумленную ацэнку дзеяньням пагромнікаў на Заходняй Украіне, гвалту, які чынілі людзі, што называюцца грэка-каталікамі, уніятамі, перашкоды да візыту будуць зьнятыя. У нас могуць быць нармальныя стасункі з звычайнымі каталіцкімі сьвятарамі, але Папа нясе маральную адказнасьць за ўсё, што адбываецца ў папскай царкве, у тым ліку і за тое, што здарылася ва Ўкраіне на мяжы 80—90-х.

«НН»: На Вашу думку, Папа прыедзе спачатку ў Беларусь ці ў Расію?

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Гутарыў Мікола Бугай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0