У сярэдзіне траўня адбудзецца прэзэнтацыя кампутарнай праграмы «Расейска-беларускі й беларуска-расейскі перакладчык». Праграма будзе працаваць пад два нарматыўныя стандарты беларускай мовы — наркамаўку й тарашкевіцу. Гэта тое, чаго выдаўцы чакалі цэлае дзесяцігодзьдзе.Стварэньне праграмы ініцыявала Таварыства беларускай мовы. Распаўсюджваць яе будуць бясплатна. Адзіная ўмова стваральнікаў — абавязковая рэгістрацыя пры атрыманьні распрацоўкі: кожныя 3—4 месяцы мяркуецца абнаўленьне праграмы і аўтары ня хочуць бачыць у спажыўцоў няякасны прадукт.

Працу над такой самай праграмай на замову дзяржаўнага Фонду інфарматызацыі з 1998 г. вядуць навукоўцы факультэту прыкладной матэматыкі й інфарматыкі БДУ (кіраўнік праекту прафэсар Ігар Соўпель). Адзінае адрозьненьне — у распрацоўцы БДУ ўжываецца толькі наркамаўка. Іх электронны перакладчык — на стадыі дапрацоўкі. Як паведаміла «НН» адна з стваральніц праграмы Натальля Рубашко, праграма з БДУ мае зьявіцца пры канцы году.

У Інтэрнэце зь лістапада 2002 г. можна скачаць беларуска-расейскі перакладчык «Белазар». Праграма пастаянна абнаўляецца і дапрацоўваецца: цяпер у ёй па 40 тыс. слоўнікавых артыкулаў у кожнай моўнай частцы. Бяда, што робіцца яна аматарскімі намаганьнямі і пакуль далёкая ад дасканаласьці.

У праекце ТБМ асноўную тэхнічную працу зрабіў супрацоўнік Інстытуту электронікі Акадэміі навук Хведар Піскуноў. «Электронныя праграмы — гэта такі ж элемэнт сувэрэнітэту, як уласныя энцыкляпэдыі», — упэўнены сп.Хведар.

Сёньня «перакладчык» мае каля чатырох мільёнаў словаў у двух варыянтах — з малой літары і зь вялікай (на той выпадак, калі з гэтага слова пачынаецца сказ). Падобныя праграмы-перакладчыкі на расейскай ці ўкраінскай мовах таксама маюць базу 4—4,5 млн.

У працы над праграмай бралі ўдзел Аўгіньня Волкава, Валянціна Авілава, Уладзімер Кошчанка, лінгвістычныя кансультацыі давалі прафэсар Генадзь Цыхун, Зьміцер Саўка, Вінцук Вячорка, Юрась Бушлякоў. Лексычнай асновай праграмы сталі слоўнікі, а таксама сайты «Нашай Нівы», «Звязды» і электроннай бібліятэкі «Беларуская палічка». Апрача агульнай лексыкі, у праграму былі ўлучаныя і ўласныя імёны: геаграфічныя назовы (усе гарады, мястэчкі — аж да назваў сельсаветаў і найзначнейшых вёсак) і імёны вядомых у гісторыі Беларусі асобаў.

Адзінае, чаго яшчэ бракуе «перакладчыку», — уласнага запамінальнага імя. Аўтары яшчэ шукаюць найлепшы адпаведнік. Чаму б не назваць праграму імем самага вядомага зь беларускіх перакладчыкаў — Скарыны? «Выглядала б нясьціпла», — не наважваецца Хв.Піскуноў.

Адам Воршыч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0