2002 год увойдзе ў гісторыю Нова-Сьвержанскага лесазаводу, філіі ААТ «Лесдрэўпрам», як год вялізных узрушэньняў. У студзені кіраўніцтва звальняе дырэктара, які прапрацаваў на гэтай пасадзе 16 гадоў. Замест яго ставяць нейкага Грыневіча А.С. З чаго пачынаў Грыневіч? За няпоўны год звольніў шмат працаўнікоў, спыніў цэхі, кацельню.

Кіраўніцтва ААТ «Лесдрэўпрам» практычна ўсе свае акцыі ў лютым 2002 г. прадае нейкай фірме «Белцяжмаш». Былы генэральны дырэктар ААТ Сьцепаненка В.С. атрымлівае партфэль у міністэрскай структуры («Беллеспаперапрам»), а Грыневіч — прыстойную пасаду з добрым акладам у Бабруйску.

Некаторыя людзі спрабавалі супрацьстаяць гэтаму, але ўсе яны апыналіся за варотамі прадпрыемства. І куды мы толькі ні зьвярталіся — скрозь адныя адпіскі, што, маўляў, усё законна. Як дзяцей карміць? Працаўладкавацца ў маленькіх Стоўпцах, ды яшчэ з такім кляймом «паклёпнікаў», практычна немагчыма.

Дзякуй, знайшлася хоць адна добрая душа, якая не паставілася абыякава. Гэта дэпутатка палаты прадстаўнікоў Абрамава Вольга. Да яе зьвярнуліся ўжо ад безнадзейнасьці, ня ведаючы, да якога берагу прыбіцца. Гэтая мужная жанчына прыяжджала да мяне на суд, дамаглася аднаўленьня мяне на заводзе, паводле фактаў незаконнага ўзбуджэньня крымінальных справаў зьвярталася і да міністра ўнутраных спраў, і да начальніка сьледчага камітэту, і да генэральнага пракурора.

Цяпер у нас зьявілася надзея. Абяцаюць, што завод будзе перададзены ва ўласнасьць дзяржавы. А людзі зноў атрымаюць працу. Вельмі будзем спадзявацца. А Вользе Абрамавай праз вашу газэту хочацца перадаць вялізны дзякуй за ўдзел, спачуваньне і дапамогу ды пажадаць ёй добрага здароўя і сіл. Каб усё гэта пераадолець. Незалежна ад таго, як складзецца наш лёс.

Алена Сянкевіч, Стоўпцы, адпрацавала на заводзе 18 гадоў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0