Саюз пісьменьнікаў атрымаў папярэджаньне ад Міністэрства юстыцыі. Але шыльду з «Пагоняй» скручваць не зьбіраецца.

Арганізацыі закідаюць «няправільны» выгляд шыльды (гэта першы пункт у папярэджаньні), нясвоечасовую ўплату складак яе сябрамі, адсутнасьць пратаколаў сходаў за другую палову 90-х (пры Зуёнку й Някляеву).

Па-мастацку аформленая шыльда Саюзу пісьменьнікаў, якая выклікала такое абурэньне ў Мінюсту, вісіць на Доме літаратара з пачатку 90-х. На ёй — выява «Пагоні». Шыльда пісьменьнікаў — не кардонная таблічка, а сапраўдны твор мастацтва з тых, якія і праз стагодзьдзе ня страцяць вартасьці. У іншых краінах такія і вісяць сотні гадоў, нягледзячы на зьмены рэжымаў і заканадаўства. Традыцыя! Урэшце, людзі там ня любяць марнаваць ня толькі свае, але й чужыя грошы.

Паводле словаў колішняга кіраўніка СП Васіля Зуёнка, спробы зьнішчыць шыльду ўжо былі: «У сярэдзіне 90-х, пасьля рэфэрэндуму, дырэкцыя Дому літаратара неяк уначы зьняла яе. Але мы тады рашуча выступілі, і яны гэтак жа ціхенька яе вярнулі на месца». Цяперашні намесьнік старшыні СП Міхась Скобла настроены ня менш рашуча: «Мы скручваць яе ня будзем. Рука не падымецца». Зьнішчаць «Пагоню» не падымаецца рука ня толькі ў СП. Адзін з кіраўнікоў «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч дэманстраваў пратакол ягонага затрыманьня на беларускай мытні пры канцы сакавіка. Афіцыйныя блянкі Дзяржаўнага мытнага камітэту дагэтуль маюць «Пагоню».

Папярэджаньне Саюзу выглядае палітычна матываваным актам шантажу маладога кіраўніцтва арганізацыі, у чарговы раз выводзячы Саюз пісьменьнікаў у авангард барацьбы за нацыянальныя й палітычныя правы беларусаў.

АШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0