Супраць галасавалі гаспадарнікі і чыноўнікі. Усе яны ў вачах Пракуратуры патэнцыйныя карупцыянэры. А Шэйман у іхных вачах — патэнцыйны Вышынскі. Дэпутаты палаты прадстаўнікоў адхілілі прапанаваны прэзыдэнтам законапраект «Аб барацьбе з карупцыяй».

33 прагаласавалі за прыняцьце закону, 30 — супраць, а 20 дэпутатаў палічылі за лепшае ня ўдзельнічаць у небясьпечным галасаваньні. У выніку 9 красавіка палата прадстаўнікоў «завярнула» законапраект, накіраваўшы яго на дапрацоўку ў камісію па нацыянальнай бясьпецы. Праект меўся заканадаўча замацаваць істотнае пашырэньне паўнамоцтваў пракуратуры, якое на практыцы ўжо існуе.

Гайкі таксама не жалезныя

11 сакавіка выйшла «дысцыплінарная» дырэктыва №1. 30—31 сакавіка Аляксандар Лукашэнка зьлятаў у Берасьце, дзе заявіў, што берасьцейскую вэртыкаль «наскрозь пранізала карупцыя». Генэральны пракурор Віктар Шэйман, які двойчы на месяц кансультуе прэзыдэнта аб сытуацыі ў краіне, 6 красавіка чарговы раз даклаў: супраць вэртыкальшчыкаў зь Берасьцейшчыны ўзбуджана 11 крымінальных справаў, сьледзтва па яшчэ чатырох, раней прыпыненых, адноўлена, адменены 11 пастаноў пра адмову ва ўзбуджэньні крымінальных спраў. Пад антыкарупцыйную касілку патрапілі службовыя асобы аблвыканкаму, Бярозаўскага райвыканкаму, Берасьцейскага ды Кобрынскага гарвыканкамаў.

Намесьнік Генпракурора Віктар Прус, які прадстаўляў дэпутатам законапраект аб барацьбе з карупцыяй, тлумачыць неабходнасьць узмацненьня барацьбы тым, што «карупцыя зьяўляецца прыдатнай глебай для разьвіцьця арганізаванае злачыннасьці й непасрэдна пагражае нацыянальнай бясьпецы любой дзяржавы».

Ценявая эканоміка Беларусі складае, паводле неафіцыйных ацэнак В.Пруса, 17—18% ад ВУП, ці 3 мільярды даляраў.

За 2003 г. у Беларусі зьдзейсьнена 4815 злачынстваў, якія падпадаюць пад азначэньне карупцыйных. Завершаны разбор 946 справаў, зь якіх 580 справаў па абвінавачаньні ў хабарніцтве перададзеныя ў Вярхоўны суд. Сур’ёзную праблему для Беларусі ўяўляе «адмываньне даходаў, атрыманых незаконным шляхам». Банкі не вярнулі 50 млн даляраў крэдытаў; схаваліся ад сьледзтва звыш як 70 чалавек. 8 зь іх абвінавачваюцца ў хабарніцтве, 65 — у невяртаньні банкаўскіх крэдытаў. Беларусь у антыкарупцыйным рэйтынгу займае 52-е месца сярод 133 краінаў сьвету.

Галоўная патрэба закручваньня гаек, паводле Віктара Пруса, — эканамічная.

Ня вытрымаў уладальнік «Дарыды»

Законапраект вызначае меры папярэджаньня карупцыі і праяў карумпаванасьці, аднак закон законам, а на практыцы ўлада сама штурхае чынавенства на карупцыйныя дзеяньні. Пра тое В.Прусу заявіў у Авальнай залі дэпутат Уладзімер Дзялендзік. Ён прывёў прыклад канкрэтнае сытуацыі з досьведу свайго прадпрыемства.

У.Дзялендзік зьяўляецца заснавальнікам УПП «Дарыда» — лідэра вытворчасьці мінэральнай і пітной вады на беларускім рынку. Менская і лідзкая вэртыкалі ў адзін дзень — 15 сакавіка — выдалі загад і распараджэньне для прадпрыемстваў гандлю забясьпечыць пастаянную прысутнасьць у продажы прадукцыі шэрагу вытворцаў.

Начальнік упраўленьня спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Міхаіл Еўтухоўскі «ў мэтах забесьпячэньня належнага гандлёвага абслугоўваньня насельніцтва праз дробнааптовую гандлёвую сетку, своечасовай падрыхтоўкі прадпрыемстваў гандлю і грамадзкага харчаваньня да сэзоннага гандлю ў 2004 г.» загадаў «забясьпечыць пастаянны продаж поўнага асартымэнту марожанага Менскага холадакамбінату №2, прадукцыі ААТ «Крыніца», ААТ «Аліварыя», ЗАТ «Менскі завод безалькагольных напояў», СП «Аква-Трайпл». Вэртыкаль Ліды і раёну загадала гандлю давесьці асартымэнт ААТ «Лідзкае піва» да 90%, а на долю ўсіх астатніх засталося ня больш за 10%.

Між тым, на айчынным рынку мінэральнай і пітной вады УПП «Дарыда» ўпэўнена трымае першае месца сярод больш чым 45 вытворцаў, пастаўляючы траціну ўсяе прадукцыі. «Дарыда» ўваходзіць і ў «тройку» лідэраў сярод звыш 60 вытворцаў безалькагольных газаваных напояў, саступаючы першынство толькі кампаніі «Coca-cola» і «Вяйнянскай крыніцы». З пускам на пачатку красавіка новае італьянскае лініі па вытворчасьці негазаванай мінэральнай вады і негазаванай пітной вады «Дарыда» разьлічвае павялічыць выпуск мінэралкі на 30%, а экспарт за 2004 г. мяркуе павялічыць да 20%. Чаму тады адзін зь лідэраў рынку мінэральнай вады павінен даваць хабар, каб мець магчымасьць прадаваць уласны тавар, абураўся дэпутат.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Глеб Хмяльніцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0