Недасьведчаны возьмецца за вушы: у Іране ліміты на бензын! Разьюшаны натоўп спаліў запраўку у Тэгеране, скандуючы: "Ахмадзінэжад мусіць быць забіты!". Краіна расплочваецца за авантурыстычны курс апантанага лідэра.

Што да бензыну, то згадваецца выслоўе пра шаўца бяз ботаў. Пампуючы на экспарт чорт ведае колькі "чорнага золата", Іран мусіць купляць паліва, бо не стае магутнасьцяў нафтаперапрацоўкі. Нарастаньне эканамічных цяжкасьцяў змушае ўрад рэзаць субсыдыі (бензын там заўжды быў фантастычна танны) і ўсталёўваць квоты.

Апантаны харызматык, што ў свой час купіў электарат лёзунгамі вяртаньня да ідэалаў "сьветлае мінуўшчыны", зараз апынаецца ля разьбітых эканамічных ночваў. Сьпее і палітычная фронда.

Ахмадзінэжад прыйшоў да ўлады пад сьцягам рэстаўрацыі хамэйнізму. Спыніў рэформы свайго папярэдніка. Адсунуўшы ў бок дасьведчаных адмыслоўцаў, пааддаваў ключавыя пасады ў фінансавай галіне старым сябрам па Корпусе вартавых ісламскай рэвалюцыі (нешта кшталту бальшавіцкай ЧК). "У бальшыні сваёй гэта людзі некампэтэнтныя ды малаадукаваныя, як і сам Ахмадзінэжад", — канстатаваў іранскі аналітык-эмігрант Алі Рэза Румі. Такі ж кадравы ператрус адбыўся і ў дыпляматычнай сфэры. Галоўнае ж — на міжнароднай арэне быў узяты курс на канфрантацыю з заходнім сьветам, і найперш "вялікім д'яблам" — ЗША.

Сёньня эканоміка ізаляванай краіны загінаецца без інвестыцый. Інфляцыя — пад 30%. Такі ж адсотак беспрацоўных у сталіцы.

Яшчэ нядаўна, выступаючы ў парлямэнце, Ахмадзінэжад казыраў тым, што ўрад кантралюе цэны на харчаваньне, бензын, ваду (спэцыфіка сьпякотнай краіны!) ды электрычнасьць. Але ўжо тады дэпутаты заглушалі яго крыкамі пра дарагоўлю таматаў (што праўда, дык дэмакратыі там болей :-). Зараз, як бачым, канчаюцца і бензынавыя льготы.

Адмадзінэжад доўга бразгаў ваяўнічымі лёзунгамі, як пустым бітонам. Цяпер пустымі каністрамі бразгае раззлаваны электарат.

Гора краінам з занадта амбіцыйнымі ды няўжыўчывымі лідэрамі!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?