Беларуская манера выступаць у Кубку Дэвіса.

Уладзімер Ваўчкоў і Максім Мірны дэбютавалі ў Кубку Дэвіса 16—17-гадовымі юніёрамі на кортах сьпякотнага Кот д’Івуару ў 1994 г. Спатрэбілася 10 гадоў і хуткаснае пакрыцьцё «Taraflex» менскага манэжу, якое найлепшым чынам адпавядае іх манеры гульні, каб беларуская каманда выйшла ў паўфінал Кубка.

103 гады таму студэнт Гарвардзкага ўнівэрсытэту Ўайт Дэвіс наладзіў у Бостане першы розыгрыш каманднага турніру, удзел у якім узялі толькі дзьве зборныя — ЗША і Брытаніі. Сёньня «срэбную салатніцу» Кубка Дэвіса, неафіцыйнага каманднага першынства сьвету па тэнісе, аспрэчваюць паўтары сотні камандаў з усіх кантынэнтаў.

Дэбют беларускай каманды ў Кубку адбыўся 10 гадоў таму. Тады ў Кот-д’Івуары пры 30-градуснай сьпякоце беларусы атрымалі першую перамогу (над Альжырам) — 2:1. Праз шэсьць гадоў беларусы ўпершыню змагаліся за права патрапіць у лік наймацнейшых каманд плянэты. І два разы запар спыняліся за крок ад Сусьветнай групы, саступіўшы на чужых грунтавых пляцоўках камандам Аргентыны і Швайцарыі — абодва разы зь лікам 0:5.

Макс Мірны

Два дзесяцігодзьдзі таму бацька Максіма Мікалай Мірны прывёў сына ў тэнісную сэкцыю МАЗу да трэнэра Аркадзя Эйдельмана. На пачатку 90-х настаўнік, які зрабіў сусьветна вядомай Натальлю Зьвераву, зьехаў за акіян і забраў Мірнага з сабой. Далей справу ў свае рукі ўзяў бацька. Ён уладкаваў сына ў знакамітую тэнісную акадэмію Ніка Балецьеры, што ў Флорыдзе. Разам зь Мірным асновы майстэрства там спасьцігала і расейка Ганна Курнікава.

У 1998 г. Максім дасягнуў першага посьпеху, здабыўшы перамогу ў міксьце з амэрыканкай Сэрэнай Уільямс адразу ў двух турнірах «Вялікага шлему» — Уімблдонскім і Адкрытым чэмпіянаце ЗША. За год беларус зрабіў фантастычны прарыў наперад, пераскочыўшы з 275-й на 75-ю пазыцыю ў сусьветным табэлі аб рангах!

У 2000 г. Максім зноўку зрабіўся пераможцам «US Open», гэтым разам у больш прэстыжным мужчынскім парным разрадзе з маладым аўстралійцам Лэйтанам Х’юітам, які доўгі час будзе ўзначальваць сьпіс наймацнейшых тэнісістаў сьвету.

У асабістым разрадзе Мірны стварыў супэрсэнсацыю ўвосень 2001 г. у нямецкім Штутгарце, пасьлядоўна «паклаўшы» чатырох пераможцаў турніраў «Вялікага шлема» — харвата Горана Іванішавіча, амэрыканца Піта Сампраса, бразыльца Густава Куэртэна ды расейца Яўгена Кафельнікава. Такога 125-гадовая гісторыя сусьветнага тэнісу яшчэ ня ведала!

Цяпер Мірны па мянушцы «Зьвер» у асабістым разрадзе клясыфікацыі Асацыяцыі тэнісістаў-прафэсіяналаў (ATP) уваходзіць у лік 40 найлепшых. А ў парным — даўно не апускаецца ніжэй за трэцяе месца.

У свае 26 гадоў Мірны зьяўляецца адным з найбольш багатых беларусаў. Паводле зьвестак ATP, за сваю кар’еру ён зарабіў каля 4,5 млн даляраў. Тры гады таму Мірныя (Макс, а таксама ягоны бацька і мэнэджэр у адной асобе) набылі дом у Брэндэнтане (штат Флорыда, ЗША), дзе і бавяць большую частку году.

Уладзімер Ваўчкоў

Уладзімер Ваўчкоў — таксама МАЗавец. Велізарную ролю ў ягоным тэнісным лёсе адыгралі Вячаслаў Конікаў (першы трэнэр) і Сяргей Леанюк. У сям’і апошняга Ваўчкоў жыў і трэніраваўся ў Амэрыцы на працягу двух год. А пасьля той самы Леанюк, які атабарыўся ў Расеі і заняў высокую пазыцыю ў тамтэйшых тэнісных колах, усяляк дапамагаў здольнаму хлопцу. Дзякуючы Леанюку Валодзю ўключалі ў асноўную частку «Кубка Крамля» і турніру ў Санкт-Пецярбургу без аніякага адбору, хоць паводле свайго рэйтынгу ён туды і блізка не праходзіў. Нават хадзілі чуткі, што Расея паклала вока на Ваўчкова. Але чуткі так чуткамі і засталіся.

Першы значны посьпех напаткаў Уладзімера ў 1996 г., калі ён зрабіўся пераможцам юніёрскага турніру Ўімблдону. А ў 2000 г. на смарагдавых кортах лёнданскага перадмесьця для Ўладзімера настала зорная гадзіна. Распачаўшы барацьбу з кваліфікацыйнага турніру, Валодзя здабыў восем перамог запар і саступіў толькі ў паўфінале Піту Сампрасу. Пры гэтым беларус паўтарыў рэкорд турніру, устаноўлены легендарным Джонам Макінроем у 1977-м.

З тае пары, аднак, Ваўчкоў адышоў у цень. Яму ня шэнціла. Пад ціскам шматлікіх траўмаў Уладзімер у рэйтынгу ATP апусьціўся ў другую сотню. Але ў гэтым і ёсьць фэномэн Ваўчкова: паразы ў асабістых турнірах ніякім чынам не адбіліся на ягоных фантастычных выступленьнях у Кубку Дэвіса, дзе перад вачыма землякоў ён дэманстраваў непараўнальны імпэт.

Дома і пакрыцьцё дапамагае

Сэзон-2003 беларуская каманда адкрыла перамогамі над зборнымі Ізраілю, Зымбабвэ і Нямеччыны, што й вывела падначаленых Сяргея Цяцерына ў Сусьветную групу.

Прынцыповая лютаўская сустрэча між Беларусяй і Расеяй мусіла даць адказ на пытаньне: ці ня быў выхад беларусаў у эліту простай выпадковасьцю? Нашы хлопцы давялі, што не. Таму да сустрэчы з Аргентынай была прыкаваная вялізная ўвага. На гульню была акрэдытаваная рэкордная колькасьць журналістаў — 208, прычым 11 зь іх прыляцелі разам з аргентынскай зборнай.

З удзельнікаў матчу паміж аргентынцамі й беларусамі 2001 г. у Менск прыляцеў толькі Гільерма Каньяс (23-е месца ў рэйтынгу ATP). Аднак яго вяртаньне ня сталася для аргентынцаў шчасьлівым.

Стартавыя шанцы аргентынскай каманды расцэньваліся як значна вышэйшыя з тае прычыны, што ў яе складзе знаходзіліся адразу два тэнісісты, якія належалі да першай дзясяткі сусьветнага рэйтынгу, — Гільерма Корыя (4-ы) і Давід Налбандзян (8-ы). Аднак першы быў вымушаны адрачыся ўдзелу ў гульні з прычыны моцных боляў у сьпіне, а другі так і не залячыў траўмы галёнкі. У выніку магчымасьці падраўняліся. Пры гэтым Ваўчкоў і Мірны мелі вялікі плюс: хуткаснае пакрыцьцё «Taraflex» менскага манэжу найлепшым чынам адпавядае іх сілавой і рэзкай манеры гульні.

«Галоўным чыньнікам нашага звышпасьпяховага выступленьня на Кубку Дэвіса лічу хатні фактар, — адзначыў Максім Мірны карэспандэнту «НН». — Восем гадоў мы не прайграём на сваёй пляцоўцы ў Менску».

Гэтым разам Мірны і Ваўчкоў зрабілі справу датэрмінова, не прайграўшы ў першыя два дні сваім супернікам аніводнага сэту. Лідэр аргентынцаў Агусьціна Кальеры (13-е месца ў рэйтынг-сьпісе ATP) за тыдзень так і ня здолеў прыстасавацца да рэзкага адскоку мяча на хуткасным пакрыцьці. Гільерма Каньяс прыляцеў у Беларусь пазьней за ўсіх і не пасьпеў прайсьці акліматызацыю. У гэтым сьвятле выхад Каньяса на першую гульню зь Мірным выглядаў статэгічнай памылкай капітана Луза. Адзіным з аргентынцаў, хто аказаў хоць які супраціў націску беларусаў, быў 20-гадовы Хуан Манака (выйграў адзіны пераможны для аргентынцаў сэт у Ваўчкова). Але магчымасьць праявіць сябе выпала яму тады, калі вынік гульні быў ужо прадвызначаны.

5:0! Рэванш атрымаўся.

«Гэтая перамога — наш падарунак у сьвяточны велікодны дзень усім беларускім людзям!» — сказаў карэспандэнту «НН» Уладзімер Ваўчкоў.

Bielorusso — collosal!

Спартовы журналіст аргентынскага «Radio-10» Хорхе Банатольі падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад Беларусі: «Нідзе пабываць нам ня выпала. Усё ж працаваць прыехалі, а не па выстаўках хадзіць. Наведалі толькі музэй вайны. Даволі цікава. Праўда, яшчэ цікавей было назіраць за вашымі прыгажунямі. Яны нават лепшыя, чым у Расеі. Што да самое гульні, яе вынік для нас сапраўдны шок. Bielorusso!… Collosal!»

А яшчэ нашы аргентынскія калегі ніяк не маглі зразумець, чаму ў другі дзень матчу натоўп беларускіх журналістаў сабраўся ў вэстыбюлі вакол маладой спадарыні з рашучым выразам твару. Ну як ім было растлумачыць, што з прычыны прысутнасьці на гульні прэзыдэнта краіны ягоная прэс-сакратарка Натальля Пяткевіч загадным тонам інфармавала пра тое, што можна рабіць, куды хадзіць…

Прыбыцьцё Аляксандра Лукашэнкі на гульню чакалася ў першы дзень, і ўсім акрэдытаваным журналістам было прапанавана прыйсьці ў манэж за паўтары гадзіны да пачатку гульні, бо пасьля меліся нікога не прапускаць. Але прэзыдэнт на трыбунах так і не зьявіўся. Як не зьявілася на сваіх месцах яшчэ добрая палова гледачоў. Затое наступным днём разам са зьяўленьнем першай асобы ў залі загучалі барабаны, была скаардынаваная падтрымка, застракацелі чырвона-зялёныя сьцягі…

Дарэчы, тая гіганцкая праца, якая прывяла да цудоўнага ператварэньня футбольнага поля ў тэнісны стадыён, абышлася, паводле розных ацэнак, у суму ад трох да пяці мільёнаў даляраў.

* * *

Перамога беларускай зборнай над пятай камандай сьвету ў чвэрцьфінале Кубка Дэвіса ўзьняла ў краіне новую хвалю тэніснай папулярнасьці. Толькі выхад беларускіх хакеістаў у паўфінал Алімпійскіх гульняў’2002 у Солт-Лэйк-Сыты можна параўнаць з дасягненьнем айчынных майстроў вялікай ракеткі. Усё болей дзетак выказваюць жаданьне займацца тэнісам толькі для таго, каб быць падобнымі на сваіх герояў — Мірнага ды Ваўчкова.

На прэс-канфэрэнцыі Максім Мірны адзначыў: «Цяпер нашай галоўнай перашкодай застаецца амэрыканская зборная, зь якой мы згуляем паўфінал 24—26 верасьня на іх пляцоўцы. А фінал у любым выпадку будзем прымаць на радзіме!»

Гэткія б словы ды богу ў вушы!

Кастусь Лашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0