Я гатовы прызнаць, што Панчанка — добры паэт

У адрозьненьне ад расейцаў, беларусы такія сьціплыя

Ён спазьняўся на гадзіну з чвэрткаю... Гэта цалкам адпавядала майму ўяўленьню пра дзівакаватых ангельскіх прафэсараў. Таму мы з фатографам Андрэем Лянкевічам не турбаваліся, працэджвалі натоўп, высочваючы Арнольда Макміліна, якога ня бачылі ў вочы. Заклад быў такі: хто яго першы пазнае, таму пяць фунтаў стэрлінгаў. «Вось!!!» — зараўлі мы адначасова, пабачыўшы гнанага ветрам невысокага спадаронька ў вялікіх акулярах, у дарагім, запэцканым крэйдаю палітоне і з чорным поліэтыленавым мяшэчкам у руцэ.

Спазьненьне прафэсара нічога супольнага з расьсеянасьцю ня мела: проста раніцаю на кватэру, якую ён наймаў, зьявіліся два міліцыянты і вірлавокая танкагубая кабеціна ў цывільным, якая не палічыла патрэбным адрэкамэндавацца. («Ну чысты тып, дзе яны такіх бяруць?» — дзівіўся прафэсар.) Прыхадняў цікавіла, чаго сп.Макмілін прыехаў, а таксама ці зарэгістраваўся ён у Менску. «Я ня буду рэгістравацца ні пры якіх умовах», — адказаў прафэсар. Мы сказалі, што цалкам яго разумеем, і павялі прафэсара ў кавярню — размаўляць і фатаграфавацца.

«НН»: А калі я задам тое ж кадэбоўскае пытаньне: «Прафэсар, чаго вы сюды прыехалі?»

Арнольд Макмілін: Каб забраць кнігу аб беларускай літаратуры ў эміграцыі. Нехта скажа: нашто ехаць, калі ёсьць пошта? Але я хацеў сваімі рукамі забраць асобнікі для сваіх сяброў, якія жывуць не ў Беларусі. Я не даверыў бы іх пошце.

«НН»: Гэта будзе Ваша чацьвертая кніжка?

А.М.: Магчыма, калі лічыць толькі манаграфіі. Былі «Беларуская мова ў ХІХ ст.», «Беларуская літаратура ад пачатку да Апакаліпсысу». Пасьля гэтага агляду ў мяне настаў застой: ня вельмі ўдалы шлюб, дзеці расьлі. Для кніг трэба мець энэргію, а калі тваё сэрца не дапамагае, кнігі немагчымыя. Потым у мяне настаў рэнэсанс, і я выдаў новую кнігу ў Нямеччыне, і адна жанчына тут пераклала яе на беларускую мову, і яна ў 2001 г. выйшла ў «Беларускім кнігазборы». І новая кніжка, «Беларуская літаратура дыяспары», выйшла два гады таму ў Англіі і днямі тут — у перакладзе на беларускую. Я пішу пра аўтараў эміграцыі — Арсеньневу й іншых, а другая палова прысьвечаная беларусам Польшчы. А таксама тым, кім цікавяцца незаслужана мала, — Віктару Кірвелю, Іне Снарскай.

«НН»: Чуваць, што вы зьбіраецеся напісаць кнігу пра беларускую літаратуру ад 1970 г. да Міленіюму?

А.М.: Так, але гэта забярэ шмат энэргіі. А я ўжо стары. Ежджу ў лёнданскім транспарце па бясплатным пэнсіянэрскім квітку. Але я хачу скончыць гэтую кнігу да таго, як адыду на адпачынак. Я ўжо напісаў пра Стральцова, Барадуліна, Разанава, нядаўна скончыў пра Сыса. Няшчасны чалавек, але цудоўны паэт. Потым я напішу пра Някляева й гістарычную прозу — Арлова і іншыя постаці. Я актыўна цікаўлюся й моладзевай літаратурай, зьбіраю кнігі, стараюся зьведаць, хто й што. Перакладчыкамі апошняе мае кнігі былі маладыя паэты Віктар Жыбуль і Вера Бурлак.

«НН»: Хто Ваш любімы беларускі аўтар?

А.М.: Быкаў, па-за канкурэнцыяй. Я нарадзіўся за дзень да таго, як немцы напалі на Беларусь, — 21 чэрвеня 1941 г. Быкаў імпанаваў праўдай. У расейскай і беларускай літаратуры пра вайну зашмат хлусьні й фантазіі. Быкаў быў першы. А потым быў Булат Акуджава, які надрукаваў у Вугоршчыне артыкул (наіўны, думаў, што па-вугорску не прачытаюць) з асноўнай думкай: «Гэта не была вялікая вайна. Гэта была жудасная вайна». Зразумейце, наколькі важна было сказаць гэта. Я бачыў Быкава апошняга разу ў Нямеччыне, я адчуваў, што яму засталося нядоўга. Мы елі піцу і пілі розныя напоі. Ён піў мала, але я быў гатовы на ўсё. І потым мы з жонкаю хацелі адведаць яго ў Празе, але ён выехаў у Беларусь, каб памерці. Я напісаў нэкралёг у «Guardian». Я пішу ў гэтую газэту нэкралёгі, калі просяць. Быкаў быў мне вельмі блізкі чалавек. Ён сэрца й гонар Беларусі. Адзіны, хто можа заняць месца маральнага аўтарытэта, — Барадулін. Але ён таксама немалады… Калі Быкава запрасілі ў Лёндан, замест яго прыехаў Барадулін, і мы такім чынам пазнаёміліся. Ён вельмі прыемны чалавек. Ды мне ўвогуле даспадобы беларусы. Яны такія сьціплыя, у адрозьненьне ад расейцаў. Расейцы лічаць сябе пупам сусьвету, а гэта ня вельмі прыемна. І, маўляў, як можа іншаземец зразумець нашу вялікую культуру? А беларусы ўдзячныя, калі замежнік цікавіцца. І гэта куды лепей, калі людзі не глядзяць звысоку. У транспарце беларусы не штурхаюцца і не крычаць «Куды прэш?!», як у Расеі.

«НН»: О, сапраўды?..

А.М.: Вы, відаць, даўно не былі ў Расеі? Беларусы ветлівыя й сьціплыя. Я гэта зьведаў яшчэ ў Ангельшчыне, калі тамтэйшыя беларусы зьнюхалі, што я вывучаю беларусістыку ў Лёнданскім унівэрсытэце. Яны запрасілі да сябе і пачаставалі, дапамагалі кнігамі. Але самае вялікае ўражаньне было падчас сацыялізму, як я быў стажорам у Маскве ды прыехаў працаваць у Менск. Тут ня ведалі, якая птушка да іх прыляцела, — думалі, як замежнік, то і багаты. Зьмясьцілі мяне ў найлепшы па тых часох гатэль — «Менск». Таму грошы, якія я разьлічваў траціць месяц, скончыліся за дзень. Аднак мяне ня выкінулі, а выдзелілі пакойчык ля самага паддашку. І гэта мне было так прыемна! Я тады працаваў над лексычным складам беларускае мовы ў Акадэміі навук, і мне трэба было вечарамі займацца. І мяне ў АН пакідалі вечарам без нагляду ў картатэцы, сказалі міліцыянтам: «Хай чалавек працуе». Гэта немагчыма ня толькі ў Маскве, але і ў Лёндане! Такі давер маладому чалавеку з Захаду ў савецкія часы быў адбіткам нейкай асаблівай беларускай якасьці. Я спускаўся па лесьвіцы й бачыў на сьценах плякаты, як уратавацца ад «тлетворного влияния Запада». А ўнізе сядзеў міліцыянт, мой раўналетак, які нават не падымаўся праверыць, ці ўсё я пакінуў у парадку.

«НН»: Некаторыя з канадзкіх інтэлектуалаў пішуць, што «Беларусь выстаіць і знойдзе сваё месца ў ХХI ст.». Якая Ваша думка наконт гэтага?

А.М.: У беларусаў няшчасная гісторыя, вядома. Дакладная прымета няшчаснай краіны — калі людзі вераць у залаты век. Мы ў Англіі гэтага ня робім. Былі ў нас часы лепшыя, горшыя, цікавейшыя, нуднейшыя, але няма залатога ні ў мінулым, ні ў будучым. Лорд Байран на гэтую тэму напісаў «Бронзавы век».

«НН»: Нам здаецца, што наша прысутнасьць на глёбусе ня вельмі заўважная. Скажыце, ці робімся мы больш бачнымі Эўропе?

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Гутарыла Сьвятлана Курс

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0