Дыск «Крамбамбулі» з удзелам Алега Скрыпкі выдае найбуйнейшая і найлепшая ўкраінская музычная кампанія «Lavina-music». Шырока вядомыя ва Ўкраіне беларускія «Ляпісы». Прыхільнасьці паўднёвых суседзяў паедзе шукаць і гомельскі рэпер Сярога. Падчас наўпростых — не праз Маскву — кантактаў з украінцамі выяўляецца, колькі ў нашай музыцы паралельнага.

Сярод «лавінаўскай» прадукцыі — дыск гурту «Скрябін» з эстэтычнай назвай «Натура». Альбом выкананы ў такім сучасным рок-поп-гоп стылі. Што, дарэчы, таксама найбольш пасуе да азначэньня кірунку «Крамбамбулі 1Ѕ». На дыску як «прадусар гуку» пазначаны Ільля Лагуценка з расейскага «Мумия Троля», што надало запісу пэўны «мумійтролеўскі» прысмак. Нягледзячы на ўсе гэтыя адносныя падабенствы, кружэлка мае яскравы нацыянальны калярыт. Што таксама родніць заходнеўкраінскіх выканаўцаў з нашымі візуальнымі «вандроўнікамі ды алькаголікамі».

На дыску 11 трэкаў з красамоўнымі назвамі: «Мовчати», «Червоні колготки» (ці першавынаходнікі «Ляпісы» сваіх «Чырвоных кальсонаў»?), «Відстань», «Спи собі сама», «Давай з тобою займатися любов’ю», «Дівчина Кончіта», «ВодаВогонь» ды інш. Пры ўсіх паралелях зь цяжкасьцю ўяўляю, як Лявон Вольскі, напрыклад, прасьпявае: «Вiдстань, я вб’ю тебе: ти тормознута; вiдстань, забудь мене — насиплю яду тобі в чай». Альбо Зьміцер Вайцюшкевіч, які цяпер робіць беларуска-італьянскую праграму: «Бун джорно сіньйоріта; дівчина Кончита: солодка, як халва, дешева, як трава…» А ў выкананьні «Скрябіна» гэта ня рэжа слыху. Свой калярыт, свая весялосьць. Розьніца ў мэнталітэтах?

Пры жаданьні можна знайсьці й даволі нам блізкае: «Розсказали по радіо, що знов піднимуться ціни на газ». Альбо такія дыямэнты, як «Давай помовчу тобі просто на вушко».

Адзінае, што пасьля ўсіх прыемных адкрыцьцяў шчыра зьдзівіла, — афіцыйны сайт гурту www.skryabin.ru выкананы цалкам па-расейску ды робіцца ў Пецярбургу.

«Плач» нацыяналістаў

Калі «Скрябіна» можна тыпалягічна параўнаць з «Крамбамбуляй», дык украінскі «N.R.M.» — гэта львоўскі «Плач Єремії». Ён атрымаў шырокае прызнаньне задоўга да таго, як ва Ўкраіне зьявіўся музычны бізнэс.

«Плач» мае за плячыма 13 гадоў гісторыі, шэсьць студыйных альбомаў і безьліч канцэртаў, падчас якіх гурт іначай як «флагман українського інтелектуального року» і не называюць. Чаго варты толькі мэга-гіт «Вона» («Яна») — баляда, якую ўкраінцы незалежна ад моўнага вызначэньня ўпадабалі значна больш за модныя заходнія павольныя кампазыцыі. Каму апошнія гады даводзілася адпачываць на Крымскім узьбярэжжы, той ведае, што рабілася ўлетку на тамтэйшых дыскатэках.

Нядаўна складанка выбраных песень «Плачу Єремії» выйшла асобным дыскам у музычнай анталёгіі «Українська колекція». Дыск склалі лірычныя кампазыцыі, а таксама песьні «що їх співали вояки Україньскої повстаньскої армії». Варта адзначыць, што бацька лідэра гурту Тараса Чубая Рыгор, чые вершы таксама «кладуцца» на музыку «Плачу», — рэпрэсаваны ў 60-х паэт-дысыдэнт.

«Акадэмічныя» выданьні, кшталту «Ўкраінскай калекцыі», на постсавецкай прасторы дагэтуль існавалі толькі для расейскага року ды расейскага ж шансону. Таму варта парадавацца за паўднёвых суседзяў ды паспадзявацца, што хутка нешта падобнае займеем і мы. Пакуль жа назьбіралі толькі на «Справаздачу» «N.R.M.».

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Алесь Квіткевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0