«У гонар каго з жывых беларусаў можна было б назваць аэрапорт «Менск-2»?» — з такім пытаньнем карэспандэнт «НН» зьвярнуўся да студэнтаў менскіх ВНУ.

Варшаўскі аэрапорт носіць імя Шапэна, пад Парыжам ёсьць аэрапорт дэ Голя. А вось аэрапорт у Гданьску атрымаў імя 60-гадовага Леха Валэнсы. Мэр гораду зьвяртаўся па дазвол да былога прэзыдэнта Польшчы і аднаго з самых вядомых палякаў у сьвеце. Пачэсна ж насіць імя паважанага чалавека. Прысвоіць імя жывога можна толькі тады, калі гэты чалавек зрабіў для краіны нешта неаспрэчна важнае. «У гонар каго з жывых беларусаў можна было б назваць аэрапорт «Менск-2»?» — з такім пытаньнем карэспандэнт «НН» зьвярнуўся да студэнтаў менскіх ВНУ.

Студэнцтва намагалася аджартавацца. Філфакаўцы называлі прозьвішчы сваіх навуковых кіраўнікоў, выкладчыкаў ды сяброў. Студэнтка 3-га курсу ЭГУ Дар’я прапанавала «адлётную» кропку назваць «у чэсьць Сашы і Сірожы»: маўляў, «аэрапорт імя Сашы і Сірожы» ідэнтыфікуе краіну, у якую вы прыехалі.

Студэнт 4-га курсу факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ Аляксей прапанаваў ушанаваць фізыка Жарэса Алфёрава: «Хоць і жыве ў Расеі, але ж нарадзіўся тут». Cкептычна ацаніў сытуацыю з гонарам нацыі гістфакавец Алег: «Найлепшыя людзі летась памерлі, іх і трэба ўшаноўваць». Дзеячы культуры застаюцца галоўным гонарам нацыі. Прозьвішчы Быкава і Мулявіна назвала ці не палова апытаных. Калі браць палітыкаў, то гісторыкі згадвалі дзеячоў БНР (пры гэтым рабілі агаворку, што гэтыя імёны прыгадаюць хіба ў «фантастычнай Беларусі»), філёзафы прапаноўвалі назваць менскі аэрапорт у гонар новага прэзыдэнта: як толькі зьявіцца — адразу і назваць.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0