Пакуль кінапракат упарта запрашае нас у камэрцыйную краму Мэла Гібсана і прапануе пазбавіцца нават намёкаў на розум у моднай макулятуры «Нават ня думай-2», варта ўзгадаць фільм, які зьяўляецца сапраўдным Кіно і яшчэ не сышоў з экранаў.

«БУЙНАЯ РЫБА» («Big Fish»)

ЗША, 2003, каляровы, 124 хв.

Жанр: Трагікамэдыя з элемэнтамі казкі

Адзнака: 8 (з 10)

Кінарэжысэра Ціма Бёртана («Сонная лагчына», «Эдвард — рукі-нажніцы») заўжды цікавілі страшныя казкі. Але што будзе, калі казку сутыкнуць з рэчаіснасьцю?

Стары Эд Блум (Альбэрт Фіні, а ў юнацтве — Эван Макгрэгар) усё жыцьцё распавядаў показкі, так што ягоны сын Уіл нават ня ведае, што праўда, а што не. Перад сьмерцю бацькі сын вырашае разабрацца, дзе ісьціна. І высьвятляецца, што праўда і выдумка пераплецены ў жыцьці дзіўным і незвычайным чынам. Асілак (сапраўдны гігант Мэцью Макгроры), употайкі вывезеныя з камуністычнай Карэі сіямскія блізьняты, паэт-гангстэр, які перакваліфікаваўся ва ўплывовага бізнэсоўца, дырэктар цырку, а па сумяшчальніцтве ваўкалак (Дэні дэ Віта), закаханая ведзьма — усё гэта і фантазіі, і праўда.

У межах адной сцэны адбываецца пераход ад дзівосаў да штодзённасьці, ад сьмеху да жалю — і гэта прыкмета такога найкаштоўнейшага жанру, як трагікамэдыя. Тут трагікамэдыя пабудаваная на казках, і самая неймаверная хлусьня, самая незвычайная фантазія жывуць з намі, як нязмушаная і свабодная дзіцячая гульня. І гэта сьведчаньне таго, што не ачарсьцьвела яшчэ чалавечае сэрца.

Андрэй Расінскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0