Вакол праекту адбудовы гатэлю «Эўропа» захоўваецца інтрыга: Міністэрства культуры не ўхваляе пабудовы гатэлю.

Галоўны архітэктар Менску Руслан Белагорцаў кажа, што парамэтры гатэлю мусяць адпавядаць даваенным узорам, але сама «Эўропа» ня будзе стаяць на ранейшым месцы: бульвару на вул.Леніна й суседняга дому ніхто бурыць ня будзе. Значыць, будынак перасунуць у бок кансэрваторыі й паставяць на падмурках колішняга гарадзкога тэатру, канчаткова зьнішчыўшы іх. У гарвыканкаме карэспандэнту «НН» патрапіў дакумэнт, накіраваны з ураду.

Гэта «Заключэньне аб месцы разьмяшчэньня аб’екту ад 28 красавіка 2004 г. №01-05/195» — за подпісам намесьніка міністра Ўладзімера Грыдзюшкі. Паводле гэтага дакумэнту, будаўнічыя работы мяркуецца ажыцьцяўляць на тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасьцяў — будынку кансэрваторыі (вул.Інтэрнацыянальная, 30) і архітэктурнага ансамблю жылых дамоў і бульвару побач. Мінкульт прыходзіць да наступных высноваў:

«Не выключаем магчымасьці разьмяшчэньня праектаванага аб’екту на скрыжаваньні вуліц Леніна й Інтэрнацыянальнай. Разам з тым, беручы пад увагу месца разьмяшчэньня праектаванага гатэлю і кіруючыся палажэньнямі арт.5, 7, 27, 29, 44, 48 Закону Рэспублікі Беларусі «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны», якія вызначаюць неабходнасьць захаваньня асяродзьдзя існаваньня /.../, неабходна:

1. Ажыцьцявіць падрыхтоўку гісторыка-архітэктурнага апорнага пляну тэрыторыі кварталу /.../;

2. Правесьці археалягічныя пошукі на ўсім участку, адведзеным пад будаўніцтва, што абумоўлена неабходнасьцю вывучэньня каштоўных у гісторыка-культурных адносінах археалягічных аб’ектаў і культурнага слою, з улікам якіх можа быць падрыхтавана навукова-мэтадычнае абгрунтаваньне праектнага рашэньня;

3. Правесьці гісторыка-архіўныя дасьледаваньні па будынку Менскага тэатру, які раней існаваў па адрасе вул.Інтэрнацыянальная, 28, і будынку былога гатэлю «Эўропа»;

4. Улічваючы мэмарыяльную культурна-гістарычную значнасьць будынку тэатру, у якім у 1852 г. адбылася адна з самых значных падзей у гісторыі беларускай культуры — прайшла прэм’ера першай беларускай нацыянальнай опэры «Ідылія» («Сялянка»), лібрэта для якой напісаў В.Дунін-Марцінкевіч, музыку — С.Манюшка і К.Крыжаноўскі, лічым неабходным разгледзець магчымасьць навукова абгрунтаванага поўнага культурнага яго аднаўленьня або частковага мэтадам плястычнага ўвасабленьня вобразу будынку, які раней існаваў на гэтым месцы/…/

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0