Надоечы ў Сеціве зьявілася старонка з адмысловым зьместам — яе стваральнікі выступаюць ад імя беларускіх яўрэяў, называючы сябе «яўрэйскімі скінхедамі».
Зьмест заяў гэтых «антыфашыстаў», якія нібыта знаходзяцца ў хаўрусе зь «лібэральнай апазыцыяй», зводзіцца да заклікаў імітаваць пагромы, руйнаваць могілкі ды інш., каб зваліць віну на ўлады — маўляў, Талмуд «дазваляе нам гэтак рабіць». Беларуская мова аб’яўляецца… антысэміцкай, а да яўрэяў залічваюцца Будны, Скарына, Цётка, Якуб Колас. У кожным вар’яцтве ёсьць свая лёгіка — старажытныя могілкі ды сынагогі насамрэч разбураюцца з санкцыі пэўных службовых асобаў, пра што «НН» неаднакроць пісала. Ім, напэўна, і выгадна перакласьці віну на «адмарозкаў».
Магу засьведчыць, што ніякага руху «радыкальнай яўрэйскай моладзі» ў Беларусі няма. На жаль, а мо й на шчасьце, мае 15—30-гадовыя супляменьнікі цікавяцца хутчэй дармавымі паездкамі ў Ізраіль, чым лёсам Нямігі ці публікацыяй «Войны по законам подлости», — правяраў ня раз! Зьяўленьне правакацыйнага сайту сьведчыць аб тым, што прыхільнікі лёзунгу «падзяляй і ўладар» ня сьпяць у шапку, эксплюатуючы старыя юдафобскія стэрэатыпы, выдумляючы ўсё новыя штукі ды хітрыкі, каб нацкаваць яўрэяў на беларусаў і vice versa.
Вольф Рубінчык, Менск