Песьню «Mein Faterland, auf wiedersehen», што прагучала на фэсьце «Генэралы айчыннага року» і ўвайшла ў аднайменны зборнік, можна лічыць разьвітальнай з той групай, якую ўсе добра ведаюць, і зь яе рамантычнай эпохай.
«Цяпер будзе новая «Крама» — магчыма, больш жорсткая па гуку, бяз клявішных», — паведаміў Ігар Варашкевіч. Падчас першага жывога выкананьня сапраўды можна было палічыць «Mein Faterland» за лебядзіную песьню «Крамы». Але Варашкевіч кажа, што ня так усё сумна. Проста «Крама» будзе крыху іншая. Якая — дазнаемся ўжо ў гэтым годзе. Альбом пад рабочай назвай «Бывай, мая Радзіма» выйдзе, магчыма, ужо ўвосень, таксама выйдзе дыск з найлепшымі песьнямі, перавыданьне «Гарэлкі на лёдзе» (ангельская вэрсія «Хворага на рок-н-рол») і жывы канцэрт «Наваполацак-1996». «Крамаўскі» канцэрт у ТЮГу, што плянаваўся на 7-га, перанесены на 28 траўня. «Крама» выступіць з акустычнай праграмай. «За 13 год існаваньня групы акустычны канцэрт будзе ўпершыню», — зазначае Варашкевіч. Так што старыя гіты загучаць па-новаму.
СБ