На пачатку траўня не засталося, бадай, ніводнага інфармацыйнага сайту ў Інтэрнэце, ніводнай масавай газэты ці тэлекампаніі, якія б не апублікавалі фатаздымкаў, зробленых нібы для порначасопісаў. Голыя людзі ляжаць штабэлем адно на адным. Жанчына ва ўніформе трымае на павадку за ашыйнік распранутага чалавека, які скурчыўся на цэмэнтнай падлозе. Тая самая жанчына з цыгарэтай у руцэ з усьмешкай паказвае на геніталіі мужчынаў, пастаўленых у шарэнгу. На галовах у іх — нешта накшталт каптуроў, што насоўвалі некалі інквізытары на ератыкоў. Але пра гэта — крыху ніжэй.

Напярэдадні Дня Перамогі адзін зь беларускіх каналаў паказаў фільм Рамана Палянскага «Піяніст». Наўрад ці шмат людзей дагледзелі яго да заканчэньня, бо паказ фільму завяршыўся а палове на другую начы. Гэта ж усё-ткі не хакей. На экране дзьве з паловаю гадзіны марудна разгортваецца гісторыя варшаўскага піяніста Шпільмана: як ён выжыў падчас вайны ў пекле гета, падчас масавай дэпартацыі габрэяў у канцлягеры (у тым ліку ўсіх ягоных сваякоў), варшаўскага паўстаньня ды наступнага зьнішчэньня гітлерцамі Варшавы. Жахлівыя атрыбуты Галакосту зь яго нечалавечымі зьверствамі, зьдзекамі й прыніжэньнем чалавечае годнасьці, як гэта ні па-кашчунску гучыць, сталіся апошнім часам дзякуючы кінэматографу ледзьве ня штампам. Асабліва пасьля «Сьпісу Шындлера» галівудзкага майстра Сьпілбэрга. Фільм Палянскага, праўда, ня ёсьць чарговай ілюстрацыяй на тэму Галакосту — ён пра іншае. Але размова тут не пра мастацтва кіно, а пра асаблівасьці масавай культуры ды ўспрыманьня рэчаіснасьці праз экран.

На расейскім тэлебачаньні (а мо беларускім?) мільгануў сюжэт: Ала Пугачова выходзіць з кінатэатру пасьля прагляду стужкі Мэла Гібсана «Пакуты Хрыстовы». Яе ў гэты момант здымаюць усюдыісныя фотарэпартэры. Рэдактар нейкага моднага выданьня тлумачыць — гэтыя фатаздымкі абавязкова будуць апублікаваныя, бо зорка шоў-бізнэсу выйшла з кінасэансу, маўляў, зусім іншым чалавекам. Варта паглядзець на яе вочы і г.д… Ці можна ўявіць сабе падобны сюжэт зь фільмам Палянскага, ці фільмам Адамовіча й Клімава «Ідзі й глядзі», ці «Звычайным фашызмам» Рома? Дарэчы, калі б апошнія два з названых фільмаў выйшлі сёньня, у Беларусі, хутчэй за ўсё, іх проста забараніў бы Дзяржрэгістар — за прапаганду жорсткасьці й гвалту, а таксама за паказ кінакадраў з Гітлерам.

«Пакуты» паводле Гібсана хваляць (у тым ліку царква) за… праўдзівасьць у адлюстраваньні ранаў і пакутаў Хрыста. Перамога рэалізму? Ці сацрэалізму? Сацрэалізм, як мы памятаем, — гэта адлюстраваньне рэчаіснасьці такой, якой яна павінна быць. У гэтым сэнсе галівудзкае кіно мала адрозьніваецца ад савецкага. Проста ў Галівудзе казкі для дарослых заўсёды ўдаваліся цікавейшымі, бо рабіліся з улікам псыхалёгіі гледача. Галівудзкія прадусары цяпер, мабыць, за локці сябе кусаюць пасьля праколу з Гібсанам. Выявілася, што Эвангельле — цудоўная казка, калі яе адаптаваць у адпаведнасьці з патрэбамі часу. Чым болей яна страшная й крывавая, тым болей прасьвятленьня ад шчасьлівага фіналу, а значыць — жаданьня плаціць за перажыты ў кіназале або ля тэлевізара катарсыс — ачышчэньне. «Джызус Крайст» сапраўды супэр-зорка! Як Ала Пугачова, ці нават яшчэ большая.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0