Сасім працягне навучаньне
Мікіту Сасіма, лідэра баранавіцкіх «зуброў», зьбіраліся выключыць з каледжу лёгкай прамысловасьці. Пра гэта яму паведамілі яшчэ 16 красавіка на нарадзе ў дырэктара каледжу Аляксандра Ліса. Падставай была колькасьць прагулаў, да якіх залічылі й тыя дзесяць сутак, якія хлопец правёў у зьняволеньні: маўляў, прычыны, чаму ён «прагульваў» заняткі, — ягоная асабістая справа. Тады, на нарадзе, Сасіму прапанавалі тры варыянты: першы — навучэнец дае мэдычную спраўку, якая пацьвярджае, што ён хварэў; другі — Мікіта пераходзіць на платнае завочнае навучаньне, і трэці — яго проста выключаюць. Дарэчы, Мікіта Сасім — адзін з найлепшых навучэнцаў каледжу.
Які лёс напаткае Сасіма, павінна было вызначыцца 28 красавіка на настаўніцкім сходзе. Але ў гэты дзень хлопцу патэлефанавалі й сказалі, што ягонае «пытаньне» будзе разглядацца праз тыдзень, 5 траўня.
Агата Ступакова, Баранавічы