Паважаны сп-ру Юрась Нераток!

Я знаёмы з Вамі па Вашых публікацыях у Інтэрнэце і, прызнаюся, знаёмства мне вельмі прыемнае. А можа, і Вы якую маю «перакладчыцкую вяшчыцу» чыталі. Бо неяк добра ж мы адразу паразумеліся. Ну, можна было не высылаць грошай на туалетную паперу, чорт зь ёю, з паперай, неяк падатруся, — я іх адправіў Вам назад, бо я ж разьлічваў на бартэр, але для наданьня сытуацыі адмысловай пікантнасьці можна было б і грашыма… Цаню высока Вашу іронію, прымаю яе. Нават сам з сабою разам дружна рагачу. І, мабыць, абодва мы добра расшалопалі, што не праз гэта так узьвіўся на дыбкі наш салідны «ЛіМ», дзе і я колісь гадоў 6—7 папрацаваў і захаваў добрую памяць пра калегаў.

А тут гэты ідыёцкі пратэст супроць нейкай дробязі, пасьля — ЛіМаўскі адлуп вуснамі Галубовіча, у выніку чаго я страціў Лёневу павагу, а сам ён расчараваўся ўва мне і запаў у глыбокую дэпрэсію. Як лёгка дэпрэсаваць чалавека! Але ж якое тут рады дасі, чым зноў зачараваць Галубовіча? Іншага выйсьця сабе ня бачу, як толькі пастарацца неяк выжыць бязь Лёневай павагі. Але паверце, павеяла нечым такім блізкім, родным і дарагім, не раўнуючы як прывітаньнем з таго, рэжымнага, сьвету, — ах, залаты савецкі час, калі бухгальтарка акуратна вылічвала з майго заробку адзін месячны аклад на дзяржаўную пазыку незалежна ад таго, падпісваўся я на яе ці не, — і ніякага табе клопату, ніякіх турбацый галаве, ніякіх пратэстаў і дурных авантур, сядзі сабе, Вася, роўна, не высоўвайся, дыхай носам — і будзе табе добра. І, бог таму сьведка, было добра, неяк прасьцей і, я сказаў бы — дэмакратычней! Бяз гэтых цяперашніх правоў асобы і свабоднага выбару. Бяз гэтых выбрыкаў і падкіндэсаў з падпіскай-непапіскай. «ЛіМу» дзякаваць трэба за адраджэньне сьвятой традыцыі, якая для мяне абярнулася нават крутым барышом, — ніякіх вылікаў з пэнсіі, а жывая падпіска за чужыя грошы, за Вашы, Юрась, грошы, заадно і падвышка накладу «ЛіМу» — прафіт не абы-які! Яшчэ й агульнае яднаньне на плятформе беларускасьці, без барыкадаў, палітыкі і ўзаемнага паглуму!

А што ж Галубовіч?.. А пры чым тут Галубовіч! Ён верна служыць дзяржаўна-холдынгаваму «ЛіМу», як раней верна ж служыў недзяржаўнай «Крыніцы», а сам «ЛіМ» служыць уладзе, якая чамусьці ня надта песьціць несэрвібільных пісьменьнікаў, бо, мабыць, усё-такі недавыхавана недасканалай паэзіяй Быкава. А паслужлівы «ЛіМ»? — а на ваўка яму тое выхаваньне, калі пад панам і так добра, умей толькі прагінацца, і хто тут яму штось закіне ў дакор! Мабыць, меў-такі рацыю той расейскі паэт, калі напісаў: «Люди холопского звания — сущие псы иногда». Такі наш «ЛіМ». Зачапіце толькі — мамэнтам павагу страціце, хоць, як на мой густ, дык лепей безь яе! Вы думаеце, «ЛіМ» перапрасіўся? Перааформіў падпіску? А хваробу! — ня будзьце аж такі наіўны, каб паверыць у такую бздуру. Як горды гішпанскі гідальга, праігнараваў ён пратэст, а свой гвалт ЛеГалізаваў, праз Галубовіча, які сваёй калейкай дагадзіў «ЛіМу», бы ксёндз Магдзе, і цяпер спрабуе апраўдацца перад панам біскупам за грэшную распусту.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

З глыбокай павагай да Вас,

Васіль Сёмуха

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0