Навамоднае слова «праймэрыз» гучала амаль у кожным выступе на зьезьдзе АГП. Партыя шукае патэнцыйных кандыдатаў у кандыдаты ў прэзыдэнты. Знайсьці Адзінага, паводле АГП, могуць толькі праймэрыз, палітычныя агледзіны (гэта значыць: хай народ сам скажа, каго ён хоча). «Хто замест яго?» — да гэтага пытаньня зноў і зноў вярталіся на зьезьдзе партыі 8 траўня. Партыя гатова падтрымаць любога Адзінага, улічваючы памылкі 2001 г.
Старшыня партыі Анатоль Лябедзька ў сваім выступе сказаў, што патэнцыйныя кандыдаты прыходзяць у партыю з прапановай аб супрацоўніцтве, але заклікаў сяброў «устрымацца ад спакусьлівых прапаноў».
Першым агучыў спакусьлівую прапанову Андрэй Клімаў, і партыя ад яе ўстрымалася. Клімаў, які некалькі месяцаў таму часова прыпыніў сяброўства ў АГП, зьвярнуўся па маральную падтрымку, зазначыўшы, што рэсурс партыі яму не патрэбен, ён пераможа сам. Клімаў добра ўвайшоў у ролю будучага прэзыдэнта і пасярэдзіне прамовы ўжо нават гарантаваў Лукашэнку бясьпеку ў выпадку яго адмовы ад пасады прэзыдэнта. Сваім саюзьнікам Клімаў абвясьціў ні больш ні менш Пуціна (з расейскай дагодлівасьцю назваўшы яго «Ўладзімер Уладзімеравіч») і размахваў паперкай з Крамля, дзе яму нібыта гарантуецца, што Лукашэнка ня пойдзе на трэці тэрмін. Кім дакумэнт падпісаны — Клімаў не сказаў, а сам дакумэнт паказаў толькі Паліткамітэту.
Маладыя дэлегаты зьезду Ўладзімер Чырвоненка, Аляксандар Цынкевіч, Ігар Шынкарык усё больш казалі пра парлямэнцкія выбары. Моладзь настроена на перамогу: зранку выбары, увечары імпічмэнт, а далей мы робімся гарантамі пераходнага пэрыяду. Напярэдадні зьезду ў партыю ўступілі Васіль Старавойтаў, Валянціна Палевікова і Людміла Пеціна, пацьвердзіўшы тэзыс аб АГП як партыі эліты.
Як госьці выступілі сябры партый камуністаў, зялёных, БНФ (В.Вячорка), лідэр незалежных прафсаюзаў А.Ярашук.
Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".
Вераніка Дзядок