Відэакліп — гэта маленькі кінафільм. З паўнафарматным кіно ў нас праблемы — «Слуцкая» недацягнула, «Акупацыю» забараняюць, — а вось кліпы здымаюцца ці не штодня. Пяць гадоў таму ў Беларусі было тры спэцыялісты-кліпмэйкеры, цяпер іх лік пайшоў на дзясяткі. У ратацыі «Першага музычнага каналу» знаходзіцца каля сотні кліпаў айчынных музыкаў. Маладыя ўсьведамляюць, што відэаўвасабленьне іх гіту — адзін з галоўных чыньнікаў раскруткі. Але, зь іншага боку, такое мастацтва вымагае выдаткаў, якія могуць і не акупіцца.

Здымкі відэакліпу дуэту «Аляксандра і Канстанцін» на кампазыцыю «Мой Галілей», якую яны прасьпявалі 12 траўня на «Эўрабачаньні», абышліся ў добрую капейчыну. Прадусаваў кліп асабіста генэральны прадусар БТ Уладзімер Максімкаў. Аўтарам ідэі і рэжысэрам кліпу выступіў Максім Носаў. У здымках бралі ўдзел рыцары клюбу «Ордэн Паўночнага храму», каскадзёры з трукавага тэатру Вячаслава Аркунова і клюбу каскадзёраў «Дуал дэнс» ды дзясятак актораў. «Нармальнае кіно можна зьняць і за чатыры тысячы даляраў», — сказаў у адным з інтэрвію рэжысэр мастацкага фільму «Акупацыя» А.Кудзіненка. Колькі ж каштуе зьняць нармальны кліп?

Так было

Відэасуправаджэньні да песень пачалі здымаць яшчэ ў 70-я. Так, тэлерэжысэр Валер Пестаў стварыў у Беларусі ролік да песьні «Я — робат» (выконвалі Аляксандар Чарнаўскі і Ўладзімер Мацецкі) ў сьнежні 1973 г. — першы такога роду прадукт ва ўсім СССР. Натуральна, што здымалі на стужку «Песьняроў», «Верасоў». Як правіла, гэта былі кароткамэтражныя дакумэнтальныя фільмы.

Мода ж на сапраўдны кліп — як вобразнае ўвасабленьне музычнага твору — распачалася пры канцы 80-х. Першапраходцамі сталі рокеры — менавіта тады зьявіліся відэашэрагі да песень «Бонды», «Мясцовага часу», «Мроі» і «Ўлісу». Першаму кліпу — на бондаўскую песьню «Ўра» ўжо шаснаццаць гадоў. Тады рэжысэры асабліва не напружваліся: «цьвік» сюжэту згаданага кліпу — людзі, што скачуць з вокнаў. Увогуле ўрбаністыка была ў модзе. Кліп «Мроі» «Я рок-музыкант» зьнялі менш чым за гадзіну на будоўлі аднаго з гмахаў па вул.Харужай позна ўвечары. А вось музыканты наваполацкага «Мясцовага часу» бязь лішняе сьціпласьці здымалі кліп на песьню «Мой дом» у Сафійскім саборы. Як згадвае гітарыст «МЧ» Валер Драко, «прарваліся» яны ў храм таксама ўначы, залагодзіўшы заўхоза (!) некалькімі бутэлькамі гарэлкі. Сёньня аўдыёвізуальная мода зусім іншая, і тыя кліпы выклікаюць хіба гістарычную цікавасьць.

Дзьве прэм’еры на тыдзень

Кацярына Нявінская вядзе ў БДУ спэцкурс кліпазнаўства, які доўга і нудна называецца «Відэакліп у структуры аўдыёвізуальнай камунікацыі». Шырокаму гледачу-мэляману яна больш вядомая з супольнай працы з гуртом «Крамбамбуля»: гэта тая самая «незнаёмка з «Абсэнту». Павелічэньне колькасьці кліпаў яна тлумачыць перш за ўсё пашырэньнем мэдыйнай прасторы. Так, у праграме Беларускай тэлевізіі «Кліп-абойма» 2-3 прэм’еры на тыдзень. Болей за 100 кліпаў знаходзіцца ў ратацыі «Першага музычнага каналу». Круцяць іх на ТВ бясплатна. Цяпер амаль кожны музыкант разам са сваім альбомам ці сынглам выпускае кліп. Хоць як рэклямны ход гэта можа і не спрацаваць. Напрыклад, альбом Ларысы Грыбалёвай, кліпу якой на песьню «Што-небудзь» ня бачыў толькі той, хто ня мае тэлевізара, значна саступае ў продажах дыску Аляксея Хлястова, які кліпаў ня мае. Бо «кліп — гэта сродак стварэньня інфармацыйнага поля вакол сябе, ня больш за тое», — кажа К.Нявінская. Рэжысэр Анатоль Вечар мяркуе, што грошы, патрачаныя на кліп, папросту не вяртаюцца, таму прыстойны кліп могуць дазволіць сабе адно заможныя музыкі.

Ганарары — ад соткі да тысячы

...

Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0