15 траўня Расея адмовілася спаганяць падатак на дабаўленую вартасьць па месцы вытворчасьці на карысьць Украіны, перайшоўшы на прыняты ва ўсім цывілізаваным сьвеце мэханізм — спаганяць ПДВ у краіне прызначэньня. Тым самым Расея губляе 800 мільёнаў даляраў, якія магла б браць з энэргарэсурсаў, якія яна пастаўляе ва Ўкраіну. Не бескарысьліва: узамен за адмову Ўкраіны ад курсу на эўраінтэграцыю і, вядома, толькі ў тым выпадку, калі прэзыдэнтам у кастрычніку будзе абраны Януковіч, а ня Юшчанка. За прадаваныя ў Беларусь энэргарэсурсы Расея па-ранейшаму спаганяе ПДВ у сябе.

Выканаўчы дырэктар «Белгазпрамбанку» Валер Дашкевіч робіць выснову, што «ў эканамічных стасунках Расея пайшла далей з Украінай, чым зь Беларусяй». «Расея з усімі краінамі СНД гандлюе паводле прынцыпу спагнаньня ПДВ на месцы прызначэньня. Выключэньне рабілася толькі адносна энэрганосьбітаў — ПДВ спаганяўся ў Расеі. Адмовіўшыся ад спагнаньня ПДВ з энэргарэсурсаў па месцы вытворчасьці, Расея пайшла на больш цеснае супрацоўніцтва з Украінай», — гаворыць экспэрт.

Між тым, дасюль за энэргарэсурсы, якія пастаўляюцца ў Беларусь, Расея сама бярэ ПДВ. «Расея ўжо прапаноўвала пераходзіць на прынцып спагнаньня ПДВ у краіне прызначэньня — у Беларусі. Аднак у гэтым выпадку Беларусь мусіць купляць энэрганосьбіты выключна па рыначных цэнах…», — кажа В.Дашкевіч.

Тым часам «газавая вайна» Беларусі й Расеі йдзе да чарговага абвастрэньня. «Газпром» недвухсэнсоўна запатрабаваў ад афіцыйнага Менску ўзаконіць двухбаковыя адносіны, заключыўшы кантракт на пастаўку расейскага газу ў Беларусь і на транзыт праз тэрыторыю краіны. 18 траўня старшыня праўленьня ААТ «Газпром» Аляксей Мілер назваў і дату ікс — 1 чэрвеня. На наступны дзень беларускі віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка прадказаў: дамова будзе ў чэрвені.

Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"

Глеб Хмяльніцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0