Першыя менскія «сэканд-хэнды» былі «кватэрнымі», для сваіх, затым продаж ужываных рэчаў перамясьціўся на буйныя сталічныя рынкі. Цяпер у кожным раёне — па некалькі дзясяткаў крамаў «эканам-клясы», дзе ёсьць і «барахолкі», і сапраўдныя бутыкі.

У адным з самых новых менскіх «сэканд-хэндаў», што ў Малінаўцы, уразіў найперш спэцыфічны пах нямытага адзеньня (гэта абудзіла ўспаміны пра кватэрныя распродажы «тавараў з Эўропы» ў 90-я. Двухпакаёўкі былі застаўлены торбамі са сьмярдзючым адзеньнем і абуткам, так што амаль не заставалася месца гаспадарам). Паводле слоў прадавачак з крамы, найбольшым попытам карыстаюцца жаночыя жакеты і саколкі. Хаця большасьць рэчаў даўно выйшлі з моды, попыт ёсьць. Ужо праз 15 хвілін пасьля адкрыцьця ў гандлёвай залі, якая месьціцца ў памяшканьні былога дзіцячага садка, было з два дзясяткі пакупніц. Пытаюся ў самае маладое і густоўна апранутае, што яна для сябе набыла. Аказваецца, прыйшла па дзіцячыя апранахі і што-небудзь для бацькоў у вёску. «Для бацькі знайшла прыстойны пінжак, а маці — колькі футболак». Маўляў, што тым старым трэба… Тавар тут прадаецца на вагу: 18 тысяч рублёў за кіляграм. Нярэдка набываюцца пакункі, большыя за кіляграм. Дарэчы, кілё баваўняных рэчаў роўна 5—6 саколкам. Адна новая каштавала б на рынку ад 10 тысяч. Такія «сэканд-хэнды» найчасьцей месьцяцца ў пад’ездах ці падвалах. «Іх колькасьць у краіне цяжка назваць», — кажуць у Міністэрстве гандлю.

Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"

Сяргей Трафілаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0