Алег Скрыпка: «Ва Ўкраіне на радыё толькі 1,5% украінскамоўнае музыкі»

Супольны канцэрт «Вопляў Відаплясава» і «Крамбамбулі» стаў адной з самых яскравых культурных падзеяў вясны. Алег Скрыпка зладзіў у «Казе» лякальны энэргетычны выбух: добрыя каталікі круцілі пінжакі над галовамі, бальзакаўскія жанчынкі скакалі як студэнткі — уявіце, што выраблялі студэнткі.

Скрыпка нам блізкі і родны, бо закранае ў душы пракаветныя струны. Адначасова вучачы эўрапейскім падыходам да працы. У «ВВ» калясальны досьвед, яны не згубіліся б і ў адным канцэрце зь «U2». Скрыпка папросту абазначыў наступную прыступку, на якую будуць узьнімацца нашы артысты.

Артысты, якія не пакаштавалі капіталізму, не задумляюцца, ці вартае іх шоў таго, каб плаціць за яго грошы. Бо ў словазлучэньні «шоў-бізнэс» мы почасту робім націск на апошняе слова. Скрыпка, які дзесяць гадоў праіснаваў у жорсткіх умовах самаакупнасьці, адпрацоўвае дарагія квіткі на дзьвесьце працэнтаў і таму ня любіць рызыкоўных экспромтаў.

Лявон Вольскі ў пятніцу ў КЗ «Менск» быў выразна не ў гуморы і сьпяваў без натхненьня. Канцэрт «Крамбамбулі» і «Вопляў Відаплясава» быў вялікім, але не супольным.

На перадканцэртную «прэсуху» прыйшоў толькі Алег Скрыпка, саліст «ВВ». Адсутнасьць Лявона зьдзівіла, але пасьля першага пытаньня ўсё стала зразумела: ніякага супольнага праекту «Крамбамбулі» і «Вопляў Відаплясава» не адбудзецца. Алег Скрыпка літаральна пару дзён таму праслухаў запісы «Крамбамбулі» і ў вялікае захапленьне ад гэтага не прыйшоў. «Крамбамбуля» — гэта такі сьмешны рок. Калі ўвогуле рок. Я не артыст размоўнага жанру, як Міхалок. Я не хачу, каб «Воплі Відаплясава» фігуравалі ў нейкім «сьмешным» аспэкце. «ВВ» — гэта не цяжкарокавая Сярдзючка. Аніякай згоды на такі праект я не даваў». Прадусарка «Крамбамбулі» Ганна Вольская кажа, што заява Скрыпкі была нечаканай для беларускага боку, бо папярэдняя дамова з украінскім выканаўцам існавала.

Таксама на прэс-канфэрэнцыі Алег Скрыпка расказаў журналістам пра занядбаны стан украінскага шоў-бізнэсу, у якім ад «уласна ўкраінскага засталася толькі назва». Алег кажа, што ўкраінскія FM-станцыі і музычныя каналы зь неахвотай ставяць у ратацыю музыку на ўкраінскай мове, замяняючы яе на ўкраінскую, але расейскамоўную ці ўвогуле на расейскую. «Сродкаў у расейскіх выканаўцаў больш, таму яны здольныя праплаціць за радыё і тэлебачаньне. Калі тры гады таму ўкраінскамоўнай музыкі на радыё было каля 10%, то цяпер толькі 1,5%».

Кіраўнік «ВВ» зазначыў, што магчымае аб’яднаньне высілкаў беларускіх і ўкраінскіх музыкантаў можа стрымаць экспансію расейскай культуры на рынкі абедзьвюх краін. «Песенная культура ў нашых краінах глыбейшая й прыгажэйшая, чым у Расеі. Калі разам рабіць нейкія праекты, будзе добра». Але ў лідэра «ВВ» два патрабаваньні да такога супольнага праекту: ён мусіць быць сур’ёзным і фолькавым.

Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"

Аляксей Мінчонак,

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0