У Вільні на будынку былой Беларускай гімназіі зьявілася мэмарыяльная дошка Натальлі Арсеньневай.

«Апошні раз быў у Вільні ў 1989-м, падчас рэвалюцыі. Поўны стадыён народу, літоўцы патрабуюць незалежнасьці, і раптам зьяўляецца здаровы вайсковы верталёт, а зь яго на галовы людзям лятуць лістоўкі з заклікам вяртацца ў СССР», — згадвае скульптар Алесь Шатэрнік, які стварыў мэмарыяльную дошку. У Вільню ён вярнуўся празь пятнаццаць гадоў — якраз на 15-годзьдзе Таварыства беларускай культуры. Да гэтай падзеі й было прымеркаванае ўсталяваньне дошкі.

Імпрэза 22 траўня сабрала беларусаў з усяго рэгіёну: былі гісторык Алег Латышонак зь Беластоку, мастак Вячка Целеш з Рыгі, Беларусь прадстаўлялі Ўладзімер Арлоў, Алег Трусаў, Пятро Краўчанка — адзін з фундатараў, Анатоль Белы — ініцыятар ушанаваньня паэткі.

Рыхтуючы месца для мэмарыяльнай табліцы, давялося зьняць шыльду нямецкай фірмы, што раней месьцілася ў будынку. Цяпер будынак былой гімназіі ў Базылянскіх мурах стаіць пусты і, паводле словаў Уладзімера Коласа, каб засяліць туды Беларускі ліцэй, трэба толькі ініцыятыва.

Сяргей Мікулевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0