У адной з рэгіянальных расейскамоўных газэт, што выходзіць у горадзе раз на тыдзень, яе няштатны аўтар, які вядзе паэтычную рубрыку, надрукаваў чарговы верш «Кое-что об апреле», задаўшыся мэтай засьведчыць, якія знакамітыя людзі нарадзіліся ў гэтым месяцы.

Успомніў Напалеона, расейскіх цароў Аляксандра ІІ і Кацярыну, потым кінуў вока на Людовіка, Кромвеэля, Бісмарка, Хрушчова і, як ні дзіўна, Гітлера. Затым нагадаў чытачу, што «родился в апреле Ленин, предназначением судьбы подняв полмира на дыбы». Дарэчы, гэтыя «дыбы» каштавалі Расеі 13 мільёнаў жыцьцяў, загубленых у агні грамадзянскай вайны, ад голаду і тыфу.

Далей пайшлі вершаваныя радкі зь пералікам знакамітасьцяў багемы — Кіркорава, Алы Пугачовай, Шэксьпіра і Рахманінава, Чарлі Чапліна, Канта, Калюмба, Вэрдзі, Хана Андэрсэна і Леанарда да Вінчы. На адным дыханьні і не пералічыш. Вось толькі ў свае, беларускія «сьвятцы» аўтар не палічыў патрэбным зазірнуць. А дарэмна! Праявіў бы ён цікавасьць да нашых знакамітасьцяў, то мог бы даведацца (а зь ім і тысячы чытачоў гэтай папулярнай сярод моладзі газэты), што ў красавіку нарадзіліся вядомыя беларускія пісьменьнікі, ахвяры сталінскага генацыду Платон Галавач, расстраляны ў 1937 г., і аўтар першага літаратурнага дакумэнтальнага твору пра канцлягер у Салаўках «У капцюрох ГПУ» Францішак Аляхновіч, 100-я ўгодкі з дня нараджэньня якіх адзначаліся нядаўна ў незалежным друку. А яшчэ варта было ўспомніць і нашага славутага прарока, вестуна незалежнасьці Беларусі Зянона Пазьняка, якому 24 красавіка споўнілася 60 гадоў.

Неяк завітаў у дом культуры ў адным з новых мікрараёнаў гораду. І зьдзівіўся, убачыўшы, што ўсе шыльды над уваходам у яго, на дзьвярах кабінэтаў, авбесткі аб наборы моладзі ў самадзейныя гурткі — спрэс расейскамоўныя. І калі спытаў у дырэктара гэтай культустановы, маладога чалавека гадоў за трыццаць, ці не прыйшла пара замяніць усё на беларускі лад, ён спакойна, з ноткай перакананасьці ў голасе адказаў: «А зачем? Ведь республика всё равно войдёт в состав России, это неизбежно».

Ён нагадваў мне ў той момант тых салдатаў першага году вайны, якія, убачыўшы здалёку немцаў, узьнімалі рукі і здаваліся ў палон. Болей размаўляць з тым дырэктарам расхацелася.

Міхась Кутнявецкі, Слуцак

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0