Новая генэрацыя заявіла пра сябе год таму ў першым дыску. Другі дыск больш прафэсійны, больш густоўна аздоблены, дыхтоўна запісаны і можа прэтэндаваць ня толькі на тое, каб прадстаўляць ліцэйскую самадзейнасьць.
Сур’ёзная руплівая праца таленавітых людзей, цікавая з музычнага гледзішча. Адна з разынак альбому — «Гатэль «Беларусь» (прывітаньне «Іглз») у выкананьні паэта Андрэя Хадановіча. Самі ліцэісты сьпяваюць пра лёс, пра каханьне, пра сум і радасьць, нязломнасьць і аптымізм — у гэтым выяўляецца знакаміты ліцэйскі дух. Найбольш яскрава ліцэісты даводзяць сваю таленавітасьць у песьнях «Не хачу паміраць», «Ніткі», «Мне сумна». Гэтыя кампазыцыі някепска глядзеліся б і на якой «генэральскай» складанцы.
Ёсьць за гэтымі ломкімі і часам няўпэўненымі галасамі будучыня.
Сяргей Будкін
Веру ў цябе!
«БМА-груп»; Беларуская служба Польскага радыё, 2004.