Аляксандар Памідораў: Мая вуліца — мой офіс

28 траўня ў клюбе «Рэактар» адбудзецца сольны канцэрт гурту «Pomidor/Off» — праекту музыканта, ды-джэя і журналіста Аляксандра Памідорава, у якім бяруць удзел басіст «Крамбамбулі» Сяргей Канановіч, бубнач Аляксандар Быкаў (таксама «Крамбамбуля») і гітарыст Слава Корань («Уліс»). З Памідоравым на сцэну, як чакаецца, выйдуць таксама людзі, што дапамагалі ў запісе дэбютнага дыску ягонай групы: Алег Хаменка з «Палацу» і Юлія Сеўрук з «Пастскрыптуму». Праграма «Сьвята пакрадзенае», якая выйшла два гады таму, ніколі ня гралася цалкам, таму гэты канцэрт такі доўгачаканы. Памідораў таксама абяцае зайграць неколькі песень з супольных праектаў і прэзэнтаваць новыя. У межах канцэрту пройдзе прэзэнтацыя зборніку «FuckShowBusiness!»: свае кавэры на сусьветна вядомыя шлягеры зайграюць гурты «Сініца», «Partyzone», «IQ-48». «Канцэрт мне вельмі патрэбны, а таму адбудзецца ў любым выпадку», — кажа музыкант, намякаючы, пэўна, на тое, што частку аўдыторыі ён можа страціць: у гэты ж дзень і ў гэты самы час у Тэатры юнага гледача акустычную праграму грае «Крама». З Памідорам гутарыць карэспандэнт «НН».

«НН»: Часам гавораць: «Памідораў адзіны, хто працуе ў сфэры беларускага рэпу».

Аляксандар Памідораў: Быў яшчэ гурт «Сонца Мао» — файныя рэчы стваралі. Алесь Таболіч... Але што тычыцца гітовасьці і падачы — на жаль, акрамя «Цуду на каляды» і «Дня без гарэлкі», я пакуль нічога ня чуў. Была спроба зрабіць нешта — гэта «Нестандартны варыянт» з Вольскім, але мяне вельмі расчаравалі гэтыя хлопцы на трыб’юце «NRM». Я чакаю, што хто-небудзь дасьць чаду і запхне мяне куды-небудзь у тым, што тычыцца рэпу і беларускай мовы ў гэтым стылі.

«НН»: Музыка для цябе — сродак адпачынку ці праца?

А.П.: Музыка як праца — гэта калі я на радыё ці на дыскатэках. Вось калі выходзіш на сцэну і граеш сваё, тады музыка — праца і асалода, бо, па-першае, да выступленьня трэба ставіцца сур’ёзна, а па-другое, гэта нейкі энэргетычны выбух, у звычайным жыцьці немагчымы. Хутчэй за ўсё гэта і ня першае і не другое, а проста сэкс. Нават гэта лепей, чым сэкс.

«НН»: А калі б ня музыка, чым бы займаўся?

А.П.: Разводзіў бы памідоры. Завёў бы сабе парнічок. Ці, можа, у якім-небудзь бары працаваў бы бармэнам.

«НН»: Памідораў — гэта твой псэўданім. Ён вынікае з такой прыхільнасьці да памідораў?

А.П.: Не. Была невялічкая гісторыя. Аднойчы мы зь сябрам пад песьню Юры Шаўчука пра тэрарыста Івана Памідорава разграмілі пакой нашай знаёмай. На наступны дзень мяне іначай як тэрарыстам Памідоравым ужо ніхто не называў. Ну, гэта яшчэ ў тыя, студэнцкія гады, калі я вучыўся ва Ўнівэрсытэце культуры. Але памідоры я вельмі люблю. (Сьмяецца.) Ня кіслыя, а нармальныя, сьвежыя, сьпелыя. У мяне растуць такія салодкія, добранькія.

Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"

Гутарыў Юрась Бусел

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0