Выйшаў 100-ы з часу аднаўленьня нумар часопісу «Студэнцкая думка». Канцэпцыя «СтуДумкі» — «шэры глянец». «СD» — ці яна табе ідзе, ці скандалізуе цябе або выклікае пагарду — прымушае прызнаць: гэта новае, такога раней не бывала. Нешта нябачанае сярод белмоўных выданьняў. Нічога супольнага з традыцыйнай «роднай старонкай» etc. «СD» адрозьніваецца таксама ад глянцу часопісаў тыпу «Мэнз Хелс». «СD» хаваецца пад абалонкай глямуру і моцна косіць пад глямур. Але гэта «разумны глямур», калі форма ад аднаго, а зьмест і IQ — з прэтэнзіяй на зусім іншае. Гэта мімікрыя, форма выжываньня ці стыль пакаленьня? З сурэдактарам выданьня Міколам Шакелем гутарыць Сьвятлана Курс.

«НН»: Трохі біяграфічных зьвестак: дзе, як і калі нарадзіліся.

Мікола Шакель: Як нарадзіўся — ня памятаю: адразу ж страціў прытомнасьць. Гэта адбылося ў 1978 г. у Браславе. Потым скончыў школу з залатым мэдалём, у піянерах пабыў, камсамолу не засьпеў. З 9 клясы перамагаў на розных алімпіядах па беларускай мове, таму бралі без іспытаў на любую гуманітарную спэцыяльнасьць. Я абраў рамана-германскае аддзяленьне філфаку БДУ. Аддзяленьні там былі малыя, на францускім вучылася 12 чалавек: «11 дзевак, адзін я».

«НН»: І як вы бавілі час вучобы?

М.Ш.: Бавілі — гэта ня тое слова. На беларускім, расейскім і расейска-беларускім аддзяленьнях філфаку сапраўды прынята клясычная савецкая мадэль адукацыі: чалавек прыяжджае вучыцца, засяляецца ў інтэрнат і весела жыве, а за месяц да сэсіі пачынаюцца сэмінары і тады ўжо ідзе сапраўдная вучоба! У нас жа ўсё было наладжана, як у Лінгвістычным унівэрсытэце, толькі са значным элемэнтам літаратуры і культуралёгіі. З тых, хто скончыў аддзяленьне, некаторыя прыляпіліся да амбасадаў, пачалі перакладаць, а рэшта працуе як Бог на душу паклаў. Яркі прыклад: паралельна са мной на ангельскім аддзяленьні вучыўся Віця Жыбуль.

«НН»: Пераход ад студэнцкага жыцьця да студэнцкае думкі быў натуральны й плаўны?

М.Ш.: Абсалютна рэзкі. Я працаваў перакладчыкам у розных выданьнях. Потым паступіў у асьпірантуру і зразумеў, што есьці таксама трэба. Да таго ж я граў у гурце «Цмокі», патрэбны быў гітарны працэсар, а ён дарагі. Давялося ісьці зарабляць. Андрэй Скурко падкінуў працу ў «CD».

«НН»: Хто каго перарабіў на свой капыл — Вы працу альбо яна Вас?

М.Ш.: Праца мяне. Раней я быў больш афіцыёзным чалавекам, чалавекам ад навукі. Паступова я пачаў выглядаць інакш і заўважыў гэта, калі на мяне часам скоса пазіралі некаторыя выкладчыкі на філфаку БДУ. І дрэс-код, і выгляд у мяне такі, што студэнты лічаць мяне за свайго.

«НН»: «Студэнцкая думка» зьмяняе Вас, але й Вы імкняцеся незаўважна зьмяняць студэнтаў…

М.Ш.: Любое выданьне павінна незаўважна кагосьці выхоўваць. Тыя, хто робіць гэта заўважна, доўга не жывуць. Іх называюць «тэндэнцыйнай прэсай».

«НН»: Ёсьць розныя падыходы. Адны выхоўваюць, а другія робяць тое, што ім самім цікава.

М.Ш.: Натуральна, мы робім тое, што даспадобы й нам. Але калі б мы арыентаваліся толькі на сябе, гэта было б, як сказаў Флябэр, сядзеньнем у вежы са слановай косткі. Раней «СD» было выданьнем для тусоўкі, зробленай самой гэтай тусоўкай. Чытачы добра ведалі тых, хто піша, і наадварот. Калі прыйшоў Сахараў, мы пачалі рабіць папсовы часопіс.

Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0